Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каму вас, песьні?

Каму вас, песьні, я нясьмелы
Тут буду пець, снаваць з душы,
З душы няшчаснай, набалелай,
Аж, змучан, згіну дзе ў глушы?

Ці для тых цёмных, нешчасьлівых,
Што не патрапяць прачытаць,
Ці для тых сьветлых, а зласьлівых,
Што не захочуць вас і знаць?

О! веру, веру, што загнаны
Мяне не здрадзіць мой народ,
Але ён цёмны й акаваны,
I бедны думак яго ўзьлёт.

I вы, душы маёй тварэньні,
Ў нязнаньні будзеце марнець;
Таптаць вас будуць без сумленьня,
Пацук рукопісі патнець.

Аж нейкі ўчоны моль з прыпадку
Натрапіць, з пылу абтрасе,
Пачне чытаць вас ад пачатку
З-пад акуляраў на насе.

Прагледзе й скажа: “Матар’ялу,
Каб прасачыці быт людзей
На Беларусі, тут нямала;
Жаль толькі, што няма усей,

Усей рукопісі панурай.
Хвалько паэта, знаць, не раз
Цаніць даваў яе для шчураў;
А шчуры – спраўджана і ў нас –

Істоты подлыя, нізкія, –
Пяўцоў ім думкі не ў карысьць;
Ім праў навукі хоць якія,
Дабро чужое рады грызьць.

Ды ўсе ж рукопісі я гэтай
Так не астаўлю і вазьму, –
Аб ёй і кім быў той паэта,
Складу артыкул па-свайму.

Часьць вершаў ў друку апыніцца,
Не зьнішчаць мышы іх зусім;
Пясьняр “з народа” ўзьвесяліцца,
Што ё ў газэтах і аб ім”…

Так будзе думаць моль вучоны
І рэшты аркушаў шукаць.
……………………….
Спалі вас, песьні, дым чырвоны,
Чым мае гэткі лёс спаткаць!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каму вас, песьні? - Янка Купала