Верш Мамка
Сын радзіўся у танюткай
Гожай пані, станам гнуткай.
Ды марнее хлопчык – Божа!
Бо сынка карміць не можа.
– Хай карміць маё дзіцятка
Прыйдзе з хат якая матка.
За паслугу матку тую
Накармлю і апрану я.
На той кліч прыйшла да ганка
Маладзенькая сялянка:
Свой сынок з ражка піць будзе,
Панскі ж – ссаць яе тут грудзі.
Малако свой – п’е любое,
Панскі ж сын – яе, грудное.
Свой – дзень плача без матулі,
А яна – пяе тут “люлі”.
Мамка родная штоночы
Спіць у ложку колькі хоча,
А пазычаная матка
Ноч люляе дзіцянятка.
Так цябе, панок, слабога
Да жыцця ўзняла, малога.
Каб не тая мамка з вёскі,
Ты б і свет не бачыў боскі.
Акрыяў, падрос. Каб сілы
Набіраў хутчэй ты ў жылы,
Для цябе пшанічку жала
“Мамка”, булкі выпякала…
Пэўна, ты ўжо знаеш, блазан,
Што жыццём ёй абавязан.
Ці пра гэта ўсё забудзеш,
Калі важным панам будзеш?
О каб помнілі мы, зналі,
Чые рукі нас люлялі,
Бліжнім мо спрыяць бы ўмелі,
Сэрцам бы не ачарсцвелі!
Мо братоў з гнілых хацінак
Не ганялі б, як скаціну.
Плён іх працы б шанавалі,
Каласка б не растапталі.
Іх да сэрца б прытулілі
Ды навукам навучылі.
Помні: многія з тых хатак
Нам другіх давалі матак.