Верш БАЛАДНЫ МАНАЛОГ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ
(каля 1490-каля 1551)
Я спытаў у людзей: “Як жывеце, браткі?”
“Слава Богу, яшчэ мы жывём…”-адказалі
мне ўсе.
І ў пустыя кішэні схавалі глыбей кулакі.
Як цярпліва мой люд да магілы нядолю нясе.
Я спытаў у царквы: “Што стаіш без крыжоў,
без званоў?”
І ўздыхнула царква, і ўзляцелі вароны з
царквы.
Праз асфальт з небыцця праступіла
нявінная кроў
І згарэла праз міг у зялёным агмені травы.
Я спытаў у забытых магіл: “Хто вас так
патаптаў?”
Толькі глуха магілы без слоў прастагналі
ў адказ.
А над горадам шэрым анёлак самотны лятаў,
Нёс у белай руцэ распатрошаны процівагаз.
Я ў Айчыны спытаў: “Ці чытаюцца кнігі
мае?”
Завішчэў-закрычаў ля карыта раскормлены
Хам:
“Што нам кнігі твае, кніга есці людзям не
дае!”
Сапраўды не да кніг, калі свінні забраліся
ў Храм!
Час не той, век не той, толькі ўсё як было,
так і ёсць:
Адны ў поце гібеюць, другія спраўляюць
гульбу,
Гаспадар-беларус на Айчыне жыве, нібы
госць,
І бясконца за волю, за мову вядзе барацьбу.
І хацеў я праклясці сябе і вярнуцца ў
Нябыт,
Але вецер залётны мне з пляца, як з неба,
прынёс
Галасы маладых, што казалі ўсю праўду пра
быт
І пра кнігі мае, і народа чарнобыльскі лёс.
І пайшоў я на пляц, і пабачыў “Пагоню”,
сцягі,
І пачуў сваю мову і песень прывольны
разліў,
І адчуў: родны край не заменіш ніякім
другім
Аніколі,
Ніколі,
Нідзе
І нічым на зямлі!
1991