Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Купальская ноч ля возера

Вось недзе за гэтым, а можа, за тым
Ядлоўцавым знакам – імшара,
Дзе папараць-кветка агнём залатым
Закрэсліць зямныя ўсе чары.

I высвеціць тое, чаго не было,
Няма, і, магчыма, не будзе…
Душа, нібы птушка, ляціць у сіло,
А ногі чапляюцца ў хлудзе…

I раптам таемна зірне глыбіня –
Люстэрка ў альховай аздобе,
Касмічным адбіткам стаіць цішыня,
I крок – землятрусу падобен.

Спыніся!.. Шукальнік агнёў залатых,
Замры і паслухай купалле –
Той голас, што мы пасадзілі ў драты
I ў дол дыскатэк затапталі…

Схаваўся ён тут? Не – спрадвеку жыве,
Ён толькі ад нас адвярнуўся.
Ты чуеш – дыханне прайшло па траве…
Як звон – цішыня Беларусі…

На беразе корч – толькі ша! – не суроч
Ад песні сваёй салавее,
I з неба азёрнага свецяць у ноч,
Як белыя зоркі, лілеі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Купальская ноч ля возера - Васіль Зуёнак