Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пачатак вясны

Уначы ля цёплае вярбы,
У лістах стуліўшыся, вясна
Веек не магла падняць ад сна,
Толькі з рэхам жураўлінае трубы
Ранкам прахапілася яна.

Адгрымеў за вёскай крыгалом.
Вылецела з вулею пчала,
І дзяўчынка з гладыша нагбом
Першы сок бярозавы піла.

І такім прыгожым здаўся твар,
Блізкі мне да кожнае сузлінкі,
Сонца сакавіцкага загар
З першаю вясновай рабацінкай.

Нечакана ў гэты ясны час
Сталася на свеце дзіва,
Хоць я з ёю бачыўся не раз,
Ездзіў у начное, на папас, –
Зразумеў упершыню, што быў шчаслівы.

Пакідала нас маленства цішыня,
Казка саступала месца былі,
І адчулі мы: у птушанят
Выраслі ўжо для палёту крыллі.

Значыцца, прышла-такі яна,
Тая, што была жаданай, крэўнай, –
Маразамі скутая вясна,
Казачная, мілая царэўна.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Пачатак вясны - Васіль Вітка