Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ВОКА

Запухла, закрылася вока
і свету не бачыць ніяк,
Пабольвае недзе глыбока,
Не знаю, што будзе і як.

Таму апынуўся ў бальніцы,
На гэты раз ў абласной.
Таблеткамі лечаць сястрыцы,
Шпрыцую ін’екцыі зноў.

Ў палату урач завітае
На вельмі абрэзаны час,
Пра нешта кагось запытае,
Слоў некалькі кіне ў адказ.

І ўсё… і бывайце здаровы…
Да ранку наступнага знік.
Запіша адно прапановы –
Хай сёстры бяруць у разлік.

Па мерках, магчымасцях нашых
Лячэнне марудна ідзе –
і прыдзецца з’есці пуд кашы,
Ўжываючы тройчы штодзень.

Сумота грызе ў выхадныя,
Цяжэе, баліць галава,
Душа непакоіцца, ные,
Ды цягнецца дзень аж за два.

І цягнецца доўга так вечар,
Ціш цісне – ратунку няма.
і вые за вокнамі вецер,
і лезе ў палату зіма.

Чамусьці патроху слабею,
Ёсць змены у ціску крыві.
Слабеюць прыкметна надзеі.
Што ж… неяк трымайся, жыві.

Ноч цягнецца доўга, як гума:
Ні музыкі шэрага дня,
Ні дзённага шуму, ні тлуму –
Настылая спіць цішыня.

На доугім, як шлях, калідоры
Не бачу ніводнай душы.
Развеяць мне хочацца змору
У гэтай настылай цішы.

За дзень набрыняю я стомай,
Па целе варушыцца боль.
Мне сніцца страшэнная строма,
Над ёю – пякучая золь.

Напэўна, адкрыюцца вочы,
Бадзёраць мяне тут усе,
Па сцежках знаёмых пакрочу,
Каб бачыць свет у поўнай красе.

Мо сілы яшчэ набяруся,
Забуду мо трохі бяду,
Хадзіцьму па ўсёй Белай Русі,
Адвольна ж сюды не прыйду.

Удзячнасць во гэтаму дому,
Сястрыцам і лечурачу
З сабой панясу я дадому,
Бо радасці кроплю адчуў.
1990

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ВОКА - Васіль Голуб