Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Усё што я напісаў лепей не стане

Усё што я напісаў
Лепей не стане-
Я не буду кранаць і правіць.
Дрэвы пасохлі,
І глеба
Больш не дае жыцця
Ні парасткам травы ні пустазеллю.
І насенне,
Што кінулі долу
Не прарасце-
Я не палью вадой…
Хіба зямля урадліва,
Калі толькі попел і пыл
Над ёю штодня,
А ад дажджа
Застаюцца пустыя лужы-
Люстэркі,
Дзе зрэдку сваё аблічча бачу,
Якое шамрэе…
Край азёр,
Мне пашчасціла бачыць цябе.
Каханне,
Я адчуваў твой подых,
Тваё цяпло,
Але так і не дакрануўся.
Жыццё,
Ты мабыць клічаш мяне дагэтуль…
Але бездань мацней за волю,
І прорва у ног маіх як пастка.
Калісьці казаў, што здалею,
Цяпер не хапае кроку…
Ці хопіць моцы пайсці?
Ці хопіць волі стаяць?
Хутка мяжы не стане,
А ці застануся я,
Калі знікне тое,
Што трымала дагэтуль…
Аднойчы я нарадзіўся,
Аднойчы я памру.
Ўсё што зрабіў – маё.
Ўсё што пакінуў – ваша.
Кропля,
Якая упала на снег,
Імгненна робіцца лёдам.
Вазьмі яе у далоні,
І растае яна
На руках тваіх.
Калі упаду у сумёт,
І холад пачне
Працінаць мяне наскрозь,
Ці будзе каму падняць
Сярод хворых душой,
Што праходзяць міма…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Усё што я напісаў лепей не стане - Васіль Гардзіёнак