Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Футбольная настальгія

Улад Скамарох

ФУТБОЛЬНАЯ НАСТАЛЬГІЯ
Заўзятары – што ідыёты…
Вазьмі хакей, гандбол, футбол…
“Да лямпы” мне ў чые вароты
Якім ражном заперлі гол.
Раней ахвочы да “тусоўкі”
Наведваў часта стадыён,
Xоць дакучаў “Спартак” маскоўскі
Крычаў: “Дынама – чэмпіён!”
Роў унісон: “Суддзю – на мыла!”
І там мой голас меў вагу,
Піў вінаграднае “чарніла” ,
Не прапускаў сваю чаргу.
Што да піўца альбо цыгарак,
Аб гэтым лепей прамаўчу –
Адно скажу – было меньш марак,
Хай якасць – сціпленька ваччу…
Крычалі: “Саша Пракапенка!
Нальём “Партвейну”-свежаку,
Ці ж перашкода табе “сценка” ,
Збі голам гонар чужаку” .
Наш беларускі “Марадона”
Сваіх “тыфозі” ведаў густ,
Бабруйск – футбольная “Сарбона” ,
“Пракоп” – яе казырны туз.
Курненін, Гоцманаў, Курбыка…
Каго не ўзяць – усе майстры,
Каманда ігракоў вялікіх,
Гульня – іскрыстыя кастры.
“Дынамаўскі” футбольны крэйсер
Вёў Малафееў Эдуард,
Ён ад “халтуры” наймалейшай
Мог разыйсціся не на жарт.
Сядзеў спакойна вельмі рэдка
На лаўцы нашых запасных,
З падзказкай моцнай, мудрай, цэпкай
Па броўцы гойсаў, бы той псіх,
Так, той футбол быў адмысловы,
Бо захапляла ўсіх гульня…
Зазначу я цэнзурным словам –
Цяперашні футбол – хлусня.
Хіба ж сягоднешнее тое?!..
Як і заўзятар, стадыён…
Цыгаркі, піва і спіртное
З трыбунаў выкінулі вон.
Гульня не мае “прывароту” –
Тактычны і тэхнічны брак,
Часцей “халявай” у вароты
Патрапіць мяч, чым як “мацак”…
Цяпер не стадыён – канцлагер!
Заўзятар кожны – пад канвой!
“Шманаюць” быццам у “ГУЛАГУ” !
Пад час гульні – “над галавой” !
-2-
Каб ад уладаў меньш тэрору –
Магчыма б, боек не было,
Хіба ж “фанатам” трэба гора
Калі “не браць іх пад крыло”.
Раней усё было прыстойна –
Апекі меньш – парадку больш…
Заўзятар знешне быў спакойны,
Інакш, самому будзе горш.
Гульні любой найгоршы вынік
Не быў як чырвань для быка.
Найгоршае – заўзятар-цынік
Аблае гора-іграка.
Не маю схільнасць да аблогі –
Таму пад піва, тытунь, харч…
Не пакідаючы “бярлогі”
Смакую як ганяюць мяч.
А “на крайняк” зайду з сябрамі
На свой мясцовы стадыён,
Каманда наша, паміж намі,
Заўжды – мясцовы чэмпіён!

Ермаковіч Уладзімір Дзмітрыевіч

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Футбольная настальгія - Улад Скамарох