Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш О, душа ты мая, шаляніца

О, душа ты мая, шаляніца!
Не душы так мяне, не гані!
Дай хаця б на хвілінку спыніцца,
Ачуняць ад пустой мітусні.

Не цягні па ліхім бездарожжы
Басанож – праз каменні і бруд.
Пад цяжарам ускладзенай ношы
Мне не вытрымаць новых пакут.

Не кідай мяне з месца на месца,
Не вымучвай істоту тугой.
Дай, нарэшце, мне дух перавесці
І адчуць блаславенны спакой!

Хай заплюшчацца стомлена вочы!
Хай расправяцца плечы мае!

Я прашу…
А яна нават ноччу
Перадыху ў жыцці не дае.

Пачынае занудліва-строга
Адчуванні і думкі судзіць:
Што зрабіла я сёння благога,
Што павінна ў сабе я змяніць.

А засну – дык і ў сне ўсё сваволіць:
Прымушае і там ваяваць.
Апякае то шчасцем, то болем
Паглядае, дзе чым іспытаць.

Выяўляе – а хто я на справе
І ці вартая нечай любві?
Ці такая ж я ў сне, як наяве?
Ці сумленне ў мяне ўжо ў крыві?

Вывучае мяне, як карцінку,
Адлюстроўвае ў люстры нябёс
І глядзіць, як намеры і ўчынкі
Вызначаюць мой будучы лёс.

5.02.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш О, душа ты мая, шаляніца - Таццяна Дзям'янава