Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дачку ў садок жанчына апранала

Дачку ў садок жанчына апранала.
Пакуль сабрала – збеглі сем патоў.
Дзяўчо жалобна енчыла, спаўзала
І, сідзячы, была ва ўладзе сноў.

Такой бы любавацца маці ўпотай,
Але, на жаль, усё няма калі:
“Устань! Бо я спазнюся на работу!
Хутчэй! Завязвай шалік – і пайшлі!”

Адно і тое ж раніцай на тыдні:
Паспаць хвілінку – лічыцца – капрыз.
Малой збіранне тое так абрыдла,
Што з вечара задумала “сюрпрыз”.

Шукае маці раніцай дачушку –
І бачыць – што такое? Што за жах?
Яна ляжыць у шапцы на падушцы,
А ногі – у калготах і штанах.

На ёй і паліто, і нават боты.
І спіць… І так чакае – каб хутчэй…
“А Божачкі! Дык сёння жа – субота!
Ну, давялі да ручкі ўжо дзяцей!”

Дачка ж раптоўна вочы разляпіла
(а-ёй, ну, пабудзіла вось дарма!)
І мовіла, маленечкая, міла:
“Я звечара адзелася. Сама…”

15.08.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дачку ў садок жанчына апранала - Таццяна Дзям'янава