Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мар’яна

МАР’ЯНА

У плынь імклівую Мар’яна –
У люстра памяці глядзіцца
І бачыць зноў: свайго Івана
Яна галубіць, маладзіца,
Купальскай раніцай
Ён лёгка
Яе нясе праз луг вясёлы…

…А да бяды ўжо не далёка,
Бо год нягоднік –
Трыццаць сёмы.

А толькі ўчора на вяселлі
Дружбанты ім прыпеўкі пелі:
Ах, пірагі жаніх з нявестай
Спяклі на славу з цілі-цеста…

А сёння, праведны Ўсявышні,
Дапамажы іх долі з лёсам:
Таго, хто быў ім трэцім лішнім,
Не адпусці пайсці з даносам!..

Аднак, калі далей Мар’яна
У люстра памяці глядзіцца,
Выразна бачыць: без Івана
Яна гаруе, маладзіца

Ды кветка шчасця іх тым летам
Квітнела ўсё ж не пустацветам,
А хутка выспела такою
Салодкай ягадай – дачкою!

Дагэтуль чуе плач Мар’яна
Свайго дзіцяці:
– Дзе наш тата?

Ніхто не ведае, што яма
Яго глынула ў Курапатах.

Таму, што вернецца, чакае
Івана верная галубка.
Так і ўдавее ўсё – такая
Яна жанчына-адналюбка.

Хоць ён у сны не раз прыходзіў
І гаварыў:
– Журыцца годзе,
Мая царэўна Несмяяна,
Больш не чакай мяне, Мар’яна…

Ужо каторы год мінае
Усё шпарчэйшаю хадою,
Аднак Мар’яна ўспамінае
Сябе шчаслівай маладою,
Калі ў партрэт свайго Івана
Купальскай раніцай глядзіцца.
Яму, загінуўшаму рана,
Яна ў бабулі ўжо гадзіцца.

А быццам летась, на вяселлі
Дружбанты ім прыпеўкі пелі:
Каб з аднаго ўзрасцілі цеста
Пабольш дзяцей жаніх з нявестай…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мар’яна - Станіслаў Валодзька