Верш Свiтанняў я з табой не сустракаў
Свiтанняў я з табой не сустракаў,
Не рассякаў вяслом азёрнай хвалi.
I толькi ў хваляваннi скуб рукаў,
Калi цябе да дошкi выклiкалi.
Здавалася, што бачыць увесь клас,
Калi ў твой бок глядзеў я незнарокам.
Каб аб сабе напомнiць лiшнi раз,
Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.
Што стала ты мне нейкаю другой,
Баяўся i сабе прызнацца ў гэтым.
Ды толькi ўсё чамусьцi нас з табой
На кнiжках плюсавалi без сакрэту.
Ну, а калi кiлометры за два
Дамоў з аднавяскоўцамi iшла ты,
Як крыўдна мне было, як я злаваў,
Што каля самай школы наша хата.
Гады прайшлi. У кожнага свой шлях.
I апынуўся я не ў роднай хаце.
… З усмешкай палахлiвай на губах
Я снiў цябе ў студэнцкiм iнтэрнаце.
I вось нарэшце на лiстах шасцi
Прызнаўся я табе ў сваiм каханнi.
З трывогай “заказное” апусцiў
I атрымаў адказ – тваё маўчанне.
Дамоў прыехаў.
Кажуць, трэцi дзень
Грымiць тваё вяселле (я ж не веру).
Вянок з гароху хочуць мне надзець
Сябры, як адстаўному кавалеру.
Хай надзяюць – мне невялiкi страх,
Я з гора нацягну з кiлiшка троху.
Дык пасядзiм з табою у вянках,
Твой – з красак палявых, а мой – з гароху.
… Хай снег гадоў асядзе ў валасах,
Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць –
Усмешкай палахлiвай на губах
Ты школьнiцай мне будзеш усмiхацца…