Верш Сустрэча з земляком
Дамоў прыехаў.
Шмат сышлося:
– Дзе быў?
Што бачыў, раскажы!
– Сябры, я рад, што давялося
Мне ў Празе быць на кірмашы.
У майскі дзень,
Між яркіх кветак,
Пад гоман разнастайных моў,
Паміж сцягоў братэрскіх свету –
Зямлю я быццам абышоў.
Хоць на зямлі
Не кінуў следу,
Ды сэрца поўніла праз край –
Як бы Балгарыю наведаў,
Пазнаў Румынію, Кітай…
На ўсё
Глядзелі прагна вочы.
Між павільёнаў я хадзіў –
Як бы прайшоў яшчэ раз Польшчай,
У сёлах Венгрыі пабыў…
Хадзіў я дзень
Па самы вечар
Паміж багаццяў, нібы ў сне…
Ды больш за ўсё адна сустрэча
Усхвалявала сэрца мне.
Іду
I чую я здалёку,
Як быццам з дому хто пазваў…
Выходжу я на пляц шырокі,
Гляджу –
Наш мінскі самазвал.
– Ды гэта ж волат!.. –
Кажуць чутна.
А ён стаіць, глядзіць на шлях,
Такі вялізны і магутны,
З бліскучым зубрам на грудзях.
Не бачылі такога, мусіць.
Кругом здзіўленне і хвала…
I мне
Сталіца Беларусі
Адразу ў думках усплыла…
Я ганаруся
Ёй сягоння.
Знаёмы воблік мне узнік, –
Стаіць на кірмашы дастойны
Яе сягоння прадстаўнік.
Яму прыпала ў свет дарога,
А бачна мне, –
Яго сябры
Працуюць радасна і многа
На роднай Волзе і Дняпры.