Верш Схема жыцця
Робім да стомы. Цягнемся. Марым.
Век здаганяем. Героямі ходзім.
Ззяем, як сонца. Чарнеем, як хмары.
Нешта губляем. Амаль не знаходзім.
Моцна кахаем. Ад шчасця заходзімся.
Рады, як чэрці. Як людзі, сумуем.
Сварымся. Мірымся. I разыходзімся.
Дзён не хапае. Тыдні марнуем.
Любім дзяцей. Патураем ім. Цешымся.
Радуюць дзеці. Дзеці палохаюць.
Грукне бяда – ад адчаю хоць вешайся.
Ну і нашчадкі! Ахаем, охаем.
Верым з калыскі, што лепшае спраўдзіцца.
Побыт бацькоўскі не памятаем.
Плачам. Рагочам. Клянёмся не скардзіцца.
Дзесьці насмецім. Не падмятаем.
Добра ўсміхаемся. Злосна жартуем.
Здольнасці тупім. Хітрыкі точым.
Жонак ашукваем. Жонак раўнуем.
Некага хвалім. Некага топчам.
Грозна гарлаем. З глупствам згаджаемся.
I галасуем. I пратэстуем.
То абдымаемся з сябрам, то лаемся.
Лічым здабыткі і тару пустую.
Не заўважаем. Чула клапоцімся.
Успамінаем. І забываем.
Хутка узносімся. Коцімся, коцімся.
Маем што трэба. Нічога не маем.
Планы складаем. Махаем рукою.
Зрэдку бушуем. Ціха згараем.
Прагнем спакою. Не бачым спакою.
Моўчкі хварэем. I паміраем.