Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада жыцця

Вы бачылі,
Як падала сасна
Да долу
ранняю вясной.
І свежы зрэз
заззяў, як сонца,
Ды затуманіўся слязой –
То перарэзаныя жылы
Набухлі свежаю смалой.
Не! Не была сасна яшчэ
драўнінай,
Пнём,
Бо смерці цень
Была яшчэ не ў сіле
Над бунтаваўшым ў ёй
жыццём.
Дрэвы не людзі,
Загадзя
ім прыгаворы не чытаюць,
І загадзя
яны ніколі не ўміраюць.
Не парушаюць ход жыцця.
Яшчэ ўбірала
промні сонца
Ігліца,
І ўся сасна
жыла…
І бясконца
жывіца
З яе струменьчыкам
цякла.
І верныя карэнні зналі
Адвечны абавязак свой.
І гэтак жа ўсё сокі
гналі
З зямлі сырой…


Верш Балада жыцця - Ніна Радзівончык