Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Уборка льну

Уборка льну
(Прысвячаю сваёй маме
Пічыц Вользе Міхайлаўне)

Салодкі сон у дзяцінстве раніцою,
Ды ў гэты дзень я больш і не засну:
Брат будзе сёння няньчыцца з сястрою,
Нам трэба з мамай рваць дзялянку льну.

Я хутка памагаю ёй збірацца,
Каб не забыцца хоць, што трэба ўзяць.
Яшчэ паспею дома нагуляцца,
А сёння трэба маці памагаць…

Апошнім гарам “Беларусь” дыхне,
Звініць у шчырай песні падгалосак,
З прычэпа злезшы, з торбай на спіне,
Жанчыны крочаць да сваіх палосак.

І я іду, рукой лаўлю сцябліны,
А маці метку на мяжы шукае,
Змяніліся знаёмыя мясціны,
Бо час навокал хутка ўсё мяняе.

Блакітным было поле льну раней,
А сёння шуміць мора залатое,
Раз-пораз глядзіць мама на мяне,
Ці не адстала дзеўчаня малое.

Бярэм мы жменяй пругкія сцяблінкі,
Дзе лён палеглы, маці рве сама,
Мне пакідае роўныя мясцінкі;
Я крыўджуся, хоць бачу, што дарма.

Куды ні глянь, хусціначкі бялеюць
Вясковых баб, такіх, як я, дзяўчынак.
Ужо і рукі стомлена нямеюць,
І хочацца ў цянёк на адпачынак.

Пячэ нясцерпна сонца, дыхаць цяжка,
І перавяслы жорстка колюць рукі,
Хачу я піць, ды ўжо пустая пляшка,
Не вытрываць мне больш такое мукі.

Мяне прывабіў цень сцяблін высокіх,
Заснула, не паспеўшы і прысесці,
Плыла я ў сне на воблаках далёкіх,
І не магла прачнуцца нават есці.

…Я найшчаслівай раніцай была,
Угаварыўшы маму ўзяць з сабою.
Вось толькі б заўтра зноўку… не ўзяла,
Лепш я ўжо буду няньчыцца з сястрою.

1996г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Уборка льну - Ніна Кавальчук