Верш Апошні званок
Апошні званок
Няўмольны рух жыцця і хуткаплынны.
Вось і для вас прыйшоў расстання час.
Хвалюючыя ціхія хвіліны
Яшчэ ўспамінам вернуцца не раз.
У кожнага свае былі сцяжынкі
Да роднай школы ад бацькоўскіх хат.
Цяпер і вы не хлопчыкі, дзяўчынкі,
А выпуск школы з юнакоў, дзяўчат.
Дзяцінства больш не вернецца ніколі-
Пераступілі вы яго парог.
І гэты ранак развітальны ў школе
Успомніцца на тысячах дарог.
Званок апошні сэрца ўстрывожыць
І адаб’ецца смуткам у вачах.
З дзяўчынак хтосьці і заплача можа-
Зусім не так, як плачуць па начах.
Наперадзе іспыты, хваляванні
І баль, што пройдзе праз усё жыццё.
І будуць зноў сустрэчы і расстанні,
І светлага кахання пачуццё.
Усё будзе, толькі вось у школу
Не давядзецца болей вам хадзіць
І ранцы па апаўшым лісці долу
З сабою будуць іншыя насіць.
Настаўнікам свой “дзякуй” развітальны.
Вам шмат разоў захочацца сказаць.
На балі з імі да зары світальнай
Вы будзеце спяваць і танцаваць.
Святлеюць ад усмешак добрых твары.
Як многа сёння кветак і гасцей!
Хай збудуцца надзеі ўсе і мары.
А ў школу ўсё ж прыходзьце вы часцей.
1998 г.