Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каска апалінэра

Месье Кастравіцкі, вас любіць Парыж.
Хвалу уздае вам бяседа.
А ў небе лятак – нібы Юраўскі крыж
на фрэнчы вайсковым
у дзеда.

Накідвае лёс трапяткое ласо.
Вайна. Прышпітальная світа.
I сябра, як шэйха, пісаў Пікасо –
чало, бы чалмою, спавіта.

Да ложкаў казённых і мулкіх прывык
трымалі надзейна, як прывязь.
А там, у шпіталі прысніў пухавік,
што дзед з Навагрудчыны вывез.

Над ім сам гасподзь парасон распасцёр
махрыстага неба валокі.
З абліччам смуткім міласэрных сясцёр
над ім навісалі аблокі.

Прытуліцца плюшч,
далікатны, як плюш,
да цьмянай музейнае шыбы.
Як ціснуў яму франтавы капялюш!
Над Сенаю лепшы пашыў бы.

Ён ехаў дамоў
і прабіты шалом
хаваў на гняздзечка галубцы.
А цені таполяў пад колы шыхтом
кідаліся, як самагубцы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каска апалінэра - Міхась Скобла