Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Яшчэ бацькоўскі зруб жыве

Яшчэ бацькоўскі зруб жыве,
I шашаль точыць столь і сцены…
Яшчэ карова у хляве
Жвакуе сон начны нязменна…

Яшчэ хусцінка у акне
Пільнуе сынаву усмешку…
Яшчэ даспелены ранет
Цалуе знічку над узмежкам…

Яшчэ вада у студні ёсць,
Яшчэ сябруе комін з дымам…
Я тут, прызнаюся, – не госць,
А твой атожылак, Радзіма!


Верш Яшчэ бацькоўскі зруб жыве - Кастусь Цыбульскі