Верш Купальскія прыгоды
Раскладайце ж, паліце Купалля агні,
Не за тым, што у сэрцы мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся.
Г. Чыгір.
Пяро пайшло ізноў у скокі –
Няма ніякай тут віны,
Бо час успомніўся далёкі,
Што бег павольна ля Дзвіны.
Калі стагоддзямі праз рэкі,
Уздоўж крывіцка-балцкіх хат
Плылі “варагі аж у грэкі”*
Ды і ў Арабскі халіфат.**
Тады ж у свеце панавалі
І Сонца-бог, і бог Пярун,
З Ярылам людзі сябравалі,
А сцежкі блытаў бог Лясун.
Тады вадзіліся русалкі,
Жыў у Прыдзвінні Вадзянік,
А на вясеннія праталкі
Глядзеў з вакенца Дамавік.
Зімой спраўляліся Каляды,
З вясной прыходзіў Вялікдзень…
І для багіні лета – Лады
Вяселля быў абраны дзень.
*Водны шлях праз Беларусь між Балтыйскім і Міжземным марамі.
**Дзяржава начале з халіфам (правіцелем)
Багіня статнай палачанкай
На дзвінскі бераг узышла.
Прад ёй прыгожай крывічанкай
Рака павольная цякла.
Вакол спявалі звонка птушкі,
і луг духмянасць разліваў,
Ёй промні сонца, нібы стужкі,
У косы ветрык уплятаў.
Яна ад шчасця жмурыць вочы,
І сэрца радасна трымціць,
І твар яе, нібы дзявочы,
І палымнее, і гарыць,
Бо набліжаецца спатканне:
З вяселлем едзе Сонца – бог,
Які адчуў агонь кахання
І патушыць яго не змог.
А недалёка, на пагорку,
Сярод раскідзістых дубоў,
Гучала весела гаворка
І дух лунаў былых часоў,
І далеч поўнілася спевам
Купальскіх звонкіх галасоў,
і плёў вянок сабе пад дрэвам
Сівы, старэнькі бог лясоў…
Тут сёння ладзілі Купалле
Героі нашых дзіўных дзён.
Тут адчувалася яднанне,
І, значыць, быў у гэтым плён.
Між іншым, побач, у балоце,
Пад корч забіўшыся глыбей,
Сядзела ведзьма ды ў маркоце
І побач – некалькі чарцей.
А хто не ведае прычыну?
Пранёсся слых аж пад зямлёй,
Прыняўшы Ладу за дзяўчыну,
“Гульню” пачаў чарцяка з ёй:
Схапіў з-пад рук яе сунічку,
Затым дзядоўнікам* узнік,
А потым нават за спаднічку…
Але раптоўна недзе знік.
Бо сам Пярун за дзею гэту
Так пекануў яго агнём,
Што чорт амаль не бачыць свету
Не толькі ноччу – белым днём…
І вось таму яму вядзьмарка
Настоі зёлак піць дае,
І каб пазбегнуць з чортам сваркі,
Сама гарэлку з мёдам п’е.
Але ж у свеце ўсё мінае –
Жыццё на месцы не стаіць.
І чорт таксама ачуняе.
І зноў, як кажуць, “засвярбіць”…
А нам тут трэба прыпыніцца
І на пагорак завітаць,
Дзе можа Сонца – бог з’явіцца
Каб шчасце з Ладаю пазнаць.
*лапух
Ды ёсць нязменным прызначэнне
Купальскіх дзеяў на Зямлі:
Яны даюць нам ачышчэнне,
Каб чэрці шчасце не звялі.
Ачысціць трэба дух і цела:
Агонь патрэбен і вада,
Бо сіла цёмная паспела
За год прыліпнуць, як нуда.
Таму Купалле – гэта свята,
А свята там, дзе быць агню.
Адсюль жадаючых багата
Вяршыць купальскую гульню.
Найперш Васіль, а з ім Алеся,
Анісь, Мікола ды Сяржук,
Хто – з Вішнякова, хто з – Залесся,
А Наста – нават аж з Прылук.
Але і хлопцы, і дзяўчаты
Тут рукі склаўшы не сядзяць-
Іх дзень быў працаю пачаты,
І песні з раніцы гучаць…
А з песняй ладзіцца і справа:
Рыхтуюць вогнішчы – іх пяць.
Успыхне першае яскрава –
Яму ж у цэнтры і шугаць.
Чатыры – меншага памеру,
Яны ад першага далей
З таго вядомага намеру:
Трымаць наводдалі чарцей…
У цэнтры першага – альшына,
А зверху – кола і вянок,
Вакол алешыны – драўніна,
І нават побач – стаўбунок,
У ім ёсць крэмнія кавалак,
Бяроста з крэсівам ляжыць,
Бо трэба будзе без запалак
Агонь апоўначы здабыць.
Ну, а дзяўчаты, як заўсёды,
Збіраюць кветкі для вянкоў,
Ды зноў чакаюцца прыгоды –
Нячысцік сочыць з-за кустоў.
Вось гурт дзявочы расцягнуўся
Між спелых зёлак ланцужком –
Нячысцік тут жа апынуўся
Каля Алесі мужычком.
Алеська вочы працірае,
А чорт у выглядзе карча
Застыў і мохам абрастае –
А нос, як сук, увысь тарчма.
І што б далей тут адбылося,
Магчыма толькі меркаваць,
Каб побач хлопцаў не знайшлося
На чорта дрыжыкаў нагнаць.
Васіль заўважыў корч здалёку
(Відаць быў гэткі чортаў лёс),
І хоць няма з карча прыпёку,
Усё ж да вогнішча прынёс.
А гэтым часам да дзяўчынкі
Нябачнай Лада падышла
І праз дажджынкі з аблачынкі
Ёй сілу зёлак надала.
А Сонца – бог ужо імкліва
Сыходзіць з неба ля вады
І тушыць промні нецярпліва,
Бо ён сягоння – Малады.
Ды вось прыгожая русалка
Цішком да бога падышла,
І прашаптала нешта палка,
І выгляд Лады прыняла.
Бо, кажуць, нават на мякіне
Мужчын магчыма спадмануць,
Калі захочацца жанчыне
Сябе Купалінкай* адчуць.
Ну, а калі яшчэ каханне…
Тут варта шмат чаго чакаць!
І Сонца – бог адчуў жаданне…
Ды, грэх пра гэтае казаць…
Але тут Лада заспявала,
І гэты голас бог пазнаў:
Прад ім багіня паўставала,
І ён ад шчасця заспяваў.
Ну што ж, спатканне адбылося…
Чаго далей яшчэ жадаць? –
Што ад кахання пачалося,
Вяселлем трэба завяршаць.
* самая прыгожая дзяўчына
Ды богі гэта зробяць самі.
Мы можам іх павіншаваць!
Цяпер яны нябачна з намі
Купалле будуць святкаваць.
І на пагорку той жа меркай:
Гульню у “Явар” пачалі,
А там “Падушачка” з “Цяцеркай”
Дзяўчатак з хлопцамі звялі.
І нават кветачкі гулліва
Шапочуць штосьці між сабой.
І да бярозак сарамліва
Дубочкі крочаць чарадой.
Купальскай ночкай ўсё магчыма:
Выходзяць скарбы з-пад зямлі,
Блукаюць чары за дзвярыма,
Каб шчасце смелыя знайшлі…
Ды час імкнецца да паўночы:
У небе зорачка трымціць,
Наўкола спеў плыве дзявочы-
Прыспела вогнішча паліць.
Агонь Васілька здабывае,
Ён крэсліць камень – агнявік,
І іскра-ясачка злятае,
За ёй дымок, бы здань, узнік.
Бяроста ўспыхнула імкліва,
Агеньчык голле ахапіў,
І толькі корч, ці чорт, цярпліва
Сіпеў і параю валіў.
А спевы моцы набіралі,
І гэта дых дало агню,
Хоць чэрці злоснае шапталі –
Ён шугануў у вышыню.
Вакол яго пайшоў вясёлы
У гонар Сонца карагод:
Палае май*, вянкі і кола,
Гараць грахі людзей за год.
А карагод, жывы, рухомы,
То вольна коціць, то бяжыць,
І, як агонь, не мае стомы,
І рэчкай спеўнаю гучыць.
Ды ўжо хістаецца альшына,
Да зор прастаюць іскры шлях.
Для шчасця ёсць тады прычына,
Калі бог лясне па плячах.
А чым ён лясне, бога справа –
Кавалкам кола ці вянком?
Абы святочная забава
Нядоўга ззяла шышаком:
Відаць, таму пад гул вясёлы
Усёй купальскай грамады,
Лятуць, лунаюць рэшткі кола.
Знаць, шчасце будзе сапраўды?!
І бог нарэшце абрынае
Да ног Алесі з Васілём
Альшыну тую, што палае
Жывым абрадавым агнём.
*старые рэчы, сухое ламачча
Але шышак за двох дастаўся,
Вядома, хлопцу, як заўжды.
І хоць балела, ён смяяўся,
Бо смех збаўляе ад бяды.
Ды як на шчасцейка злавацца,
Калі да іх яно прыйшло?
На “шчасце” трэба мілавацца
Каб “да вяселля зажыло”…
Але Купальскія падзеі
Імпэт далейшы набылі.
Бо чэрці, ведзьмы, чарадзеі
З прыходам цемры ажылі.
Люцыпар зладзіў апытанне,
Як шкоды болей нарабіць?
Засунуў знічкі* пад курганне,
Каб іх святлом людзей чмуціць.
Вядзьмарка выбілася з багны,
Каб кветку – папараць шукаць.
Пры тым ёй мроілася прагна
Каханнем хлопцаў ашукаць.
І нават чорт стары, гарбаты
У Полацк цемрай сігануў,
Падпёр спачатку дзверы хаты,
Затым дрывотню абярнуў.
А ля Алесі – смех ды жарты,
Ёй келіх крупніку** даюць,
І ён, бяспрэчна, таго варты,
*падаючая зорка
**купальскі напой – вада, зёлкі, мёд, гарэлка
Бо нават богі крупнік п’юць.
Адзін глыток яго – сагрэе,
Другі – вяртае маладосць,
А хто п’е болей, той шалее,
Тады нячысцік – лепшы госць.
Таму, адпіўшы па глыточку,
Васіль з Алесяю удвох
Блукаць пусціліся у ночку
Туды, дзе зёлкі, чага, мох,
І дзе зіхцяць маною знічкі,
І ведзьма кветкі сцеражэ,
І дзе вячыстая крынічка
У бок Дзвіны руччом цячэ…
Ды хто шукае, той знаходзіць.
І мо таму да Васіля
Лясун ціхенька падыходзіць,
Што, як прывід, блукаў здаля.
Што робіць ён? Ці ж нехта скажа?
Вядома, бог і чараўнік…
Але, відаць, сябе пакажа,
Бо нездарма ён тут узнік.
І вось вядзьмарка ясна бачыць,
Як ля Алесі з Васілём
Агеньчык папараць кудлачыць:
Гараць пялёстачкі агнём…
Яна скідае строй вядзьмарскі,
Спрабуе кветку прыхаваць,
Ды толькі спрыт яе штукарскі
Пачаў магчымасці губляць.
Васіль з Алесяй назіраюць,
Як кветка – папараць цвіце,
І праз сардэчкі адчуваюць,
Што час кахання іх ідзе.
Знаць, шчасце вусны іх збліжае,
Кладзецца коўдраю на мох,
І сіла цёмная знікае,
Бяжыць з усіх, як кажуць, ног.
Ды тускнуць вогнішчаў зарніцы –
Прыспела зоркам патухаць…
Будынкі Полацка-сталіцы
На золак вокнамі глядзяць.
Каб ад грахоў уратавацца,
Пара праз вогнішча скакаць,
Дый у вадзе хутчэй купацца,
І па Дзвіне вянкі пускаць.