Верш Прыкмета
Здаўна прыкмета ёсць такая,
Што цэлы год той грошы мае,
Хто ўвесну, як пачуў зязюлю,
Ды не трымаў ў кішэні дулю,
А клаў туды свае капейкі,
Ну, ці рублі – запас хоць нейкі,
Тады ўвесь год усё ўдаецца,
Багацце, нібы рэчка льецца.
У тых жа, хто не меў капейкі –
Хоць галаву кладзі на рэйкі.
Як не было тых грошай дома
Дык і не будзе! Ну, вядома
Не ўсе ў прыкметы тыя вераць.
Міхась рашыў усё ж праверыць.
Рассунуў па кішэнях грошы –
Мо й будзе цэлы год харошы.
Бо не дваццаткі клаў, а сотні…
Хай брэшуць, як з пад падваротні
Сабакі раніцай брахалі,
Зайздроснікі. Яны чакалі
Што ён без грошай застанецца –
А тут даход, як рэчка льецца…
Ды, што тут марыць – на прыроду,
Да маці ў вёску, ды ў падводу
Запрог каня… Але ў кішэні
Усунуў “сотак”, пэўна, жменю
Калі адзеў штаны старыя…
Цяпер – хай хоць сабака вые –
Прыкмета мусіла збывацца…
За плугам стала забывацца
Прыдумка тая. Сонца грэла
Ўжо па-вясноваму…Самлела
Спіна ў Міхася. І жанчыны
Паўдня не разгіналі спіны.
Ды, ўрэшце, бульбу пасадзілі.
Нібы на свяце ўсе хадзілі…
Міхась каню даў піць, паесці…
Але, каб самаму прысесці
Перадыхнуць – рашыў абмыцца,
Пераапрануцца, мо й пабрыцца.
Пайшоў да рэчкі. Аглядзеўся.
Няма нікога… Сеў, раздзеўся.
Хацеў ступіць ужо ў раку…
Але пачулася: “Ку – ку”
З кустоў ля рэчкі. Ну, вядома
Не раз ён чуў зязюлю дома,
Калі малым хадзіў купацца.
Ну, як магло такое стацца,
Што так забылася прыкмета!
Раз”юшыўся Міхась праз гэта:
-Каб ты ахрыпла дзе была!
Хвілінку ж пачакаць магла…