Верш АХВЯРА РЭПРЭСІЯЎ (2)
“Кожны добраахвотнік мусіць быць пакараны!” –
сказаў Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі.
Увесь крывёю запэцканы, у кашулі ушчэнт падранай,
быў я выпхнуты з дому і неўзабаве за кратамі апынуўся.
Гэтак даведаўся я на ўласным жыццёвым досведзе:
супрацоўнікі нашыя працуюць вельмі недасканала;
што не прымаў я ўдзелу ў АТО, і слухаць не захацеў ніводзін з іх,
нават жалезнае алібі нікога не пераканала.
Дарэмна тлумачыў я, што я не нацыст – не верылі! –
і што пляваць я хацеў на Еўрамайдан і ягоныя заваёвы, –
мне ў рукі паклалі ручку і нейкую паперыну
і подпіс паставіць на ёй прымусілі тэрмінова.
Аўтарытэты ў СІЗО сустракалі мяне як роўнага,
думалі, я сапраўды ўваходзіў у склад “Азова”.
Прыйшлося канцэпцыю белай расы для іх у дробязях,
кроплямі поту і адчаю пакрываючыся, разжоўваць.
Пакуль мы вось гэтак гадзінамі абмяркоўвалі з імі палітыку
або на грошы рэзаліся па начах у карты,
з волі ўсё йшлі і йшлі, салодкім парфюмам палітыя,
паштоўкі ад валанцёрак кампаніі “Гавары праўду”.
Было прынята рашэнне правесці судовы працэс публічна,
каб кожны упэўніўся: правасуддзе ў нашай краіне – не блеф.
На суд прыйшлі або на ўласных аўтамабілях
прыехалі прадстаўнікі “Справядлівага свету”,
АГП, БХД, КХП-БНФ, БНФ.
У перапоўненай залі судовага паседжання
крыху асобна трымаліся назіральнікі са Злучаных Штатаў Амерыкі.
“Свабоду герою!” – лямантавалі дэманстранты, нібы пакалечаныя,
і хтосці выў пад дзвярыма “Жыве!” у гістэрыцы.
Сузіраючы заплаканымі вачыма тое, што адбывалася,
слухаючы, пра што гаварылася, пакутлівымі вушамі,
я думаў: “А не пайшлі б вы, падонкі, на х…й усе?!”
(Не выклікалі прысутныя ні сімпатыі, ні пашаны.)
Смяротны прысуд суправаджаўся гулам і выкрыкамі
пра Сталіна, 37-ы, рэпрэсіі, парушэнне правоў чалавека.
Па тэлевізару гэтага не паказалі. Выразалі.
Хамячкоў у Фэйсбуку прывяло ў раздражненне гэта.
Праз некалькі месяцаў мяне расстралялі ў патыліцу,
суправаджаючы па калідоры, неверагодна доўгім,
яшчэ праз некалькі месяцаў усе пра мяне забыліся,
а можа, ніколі нікога нідзе і не існавала ўвогуле…