Верш Начное здарэнне
У трамвай
ускочыў Сон
і шапоча ціха ён:
– Раз,
два,
тры,
чатыры,
за-
сы-
найце,
па-са-жыры!..
Баю-бай! –
ай-я-яй! –
засынае ўвесь трамвай.
Пазяхнуў і сам важаты:
– Ах, як хочацца
дахаты!..
Але раптам паміж зор
бліснуў вокам святлафор.
Ды не жоўтым,
не зялёным,
а чырвоным –
забаронным!
Тармазы-зы-зы! –
рыпяць.
Пасажыры больш не сьпяць.
– Што такое?..
– Як жа гэта?
– Ехаў зайцам, без білета!..
– Ды зрабіў такую шкоду!..
– У бяду ўляцелі б з ходу!..
А важаты
узлаваўся
і крычыць за ўсіх грамчэй:
– І адкуль ты гэткі ўзяўся?
Вон адгэтуль!
Прэч з вачэй!..
Нейкі дзядзька крыкнуў:
– Стоп!
Праз яго пабіў я лоб.
Як цяпер ісці дадому?
Здам за гэта паставому!..
Кажа міліцыянер:
– Што рабіць з табой цяпер?
Так здараецца нячаста,
каб вадзілі Сон
ва ўчастак…
І ўсяго на момант нейкі
паставы заплюшчыў вейкі.
Але тут жа схамянуўся,
азірнуўся,
: – Не, браток,
я не засну.
На пасту мне не да сну!..
Лепей глянь на гэты новы,
новы дом шматпавярховы.
Між вакон,
што ў самым версе,
на шаснаццатым паверсе
ўсё яшчэ гарыць вакно,
хоць пара ўжо спаць даўно.
Там хлапчук
да позняй ночы
засынаць ніяк не хоча.
Мама, тата
і суседзі
пелі хлопцу пра мядзведзя,
пра бычка,
і пра вавёрку,
і пра месяц,
і пра зорку.
Ды пад спевы калыханак
не бярэ яго сціханак.
Можа, ты ім дапаможаш
і малога спаць паложыш?
Развітаўшыся наспех,
Сон у ліфт
хутчэй пабег.
І вось так
у позні час
ён дабраўся
і да нас.