Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Краю

Я, краю, твой. Нашто мяне зракацца?
Я ў дзень народзін падпісаў крывёй
З табой дамову. Путам не парвацца,
Што лучаць нас, бо я навечна твой.

Ты – Госпад мой… Сьляпым, глухім фанатам
Тваім я стаў, і пыл тваіх дарог
Цалую… Не забіць сталёвым кратам
Бясконцай прагі да цябе, бо ты мой Бог.

Ты – мой прысуд. Да сьмеху недарэчна –
І ратаваў цябе, і ганіў гэты люд,
Плаціў крывёю й здраджваў… Гэтак – вечна.
Ды ад цябе ня зьбегчы. Ты – прысуд.


Верш Краю - Аляксей Карпенка