Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Песенька

Дзень раптоўна канчаецца вечарам,
Успамінам становіцца дзень.
На імгненныя кропелькі вечнасці
Разлятаецца шэраг надзей.
I тады, аж да самае раніцы,
Мае думкі шукаюць цябе.
I міжволі губляюцца ў памяці,
Калі зноў пачынаецца дзень.

Далёкая, далёкая,
Ні ўбачыць, ні пачуць.
Ізноў цябе, далёкая,
Я сніць і сніць хачу.

Я ўжо не грашу спадзяваннямі,
Я старанна планую працяг,
Але мары жывуць па-за планамі,
Па-за межамі сэнсу жыцця.
Толькі сон паспявае за мроямі,
Толькі ноччу яны найбліжэй,
I, здаецца, што здзейсніцца здолеюць,
Але зноў пачынаецца дзень…

Далёкая, далёкая,
Ні ўбачыць, ні пачуць.
Ізноў цябе, далёкая,
Я сніць і сніць хачу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Песенька - Алесь Камоцкі