Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На бясконцай дарозе

На бясконцай дарозе
1
Нехта злізвае дні.
Нехта тыдні глытае.
Нехта месяц за месяцам,
Як скарачае.
І гады хтось штурхае:
З паскарэннем знікаюць.
Нельга іх затрымаць,
Нельга ў іх запытаць,
Куды шлях свой трымаюць…
Задуменны стаю, як нябога.
А яны ўсё –
Наперад бясконцай дарогай.

2
Час-рысак, супыніся на хвілю.
Пачакай, я папраўлю сядло.
Не ірві ты напятыя жылы:
Нас і так вунь куды занясло!
Маладосць засталася далёка,
Аглянешся – яе не відно.
Уразаюся ў сталасць глыбока,
Закранаючы старасці дно.

3
Што яму курганы альбо рэчка,
Што яму чараты, сенажаць!..
Асадзіць бы, накінуць вуздзечку
І надзейна яго зацугляць.
Толькі ён, як дарваўся да волі,
Так нясе, аж халодзіць душу,
Як не чуў майго крыку, патолі.
Немагчымага, мусіць, прашу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На бясконцай дарозе - Юрась Свiрка