Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ВІКТАРА ВАЛЬТАРА

(28.07.1902 – 17.04.1931)

Пад Сатурнам нараджаюцца паэты
І ў нябыт сыходзяць, як вада ў пясок.
Ты, гаротны, добра ведаеш пра гэта,
Бо жыццё тваё як на вятрах лісток
На бярозавай галінцы Беларусі,
Для якой ты на чужыне не чужы.

З Прагі, нібы з выраю, дамоў вярнуўся,
Каб любіць людзей прыгожых і дажджы,
Што ніколі не размыюць сцежак вузкіх
Да крыжоў, да курганоў, дзе чуйна спіць
Гнеў і плач, як наша вечнасць, беларускі,
За якія нельга нас не палюбіць
І сказаць, што ёсць мы тут і тут мы будзем,
Хоць народжаныя пад Сатурнам мы.

Грымне весні гром, і гром жыццё
разбудзіць,
І той Слова скажа, што век жыў нямым,
І народзішся ты зноў у Беларусі,
У якой ёсць слава, веліч і свой шлях,
Над якой крыляе, як анёлак, бусел,
За якую ўмерці – гонар, а не страх.

20.07.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ВІКТАРА ВАЛЬТАРА - Віктар Шніп