Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА УЛАДЗІМІРА МУЛЯВІНА

(12.01.1941-26.01.2003)

Чужое становіцца родным,
І песня спакойна плыве,
Нібыта па рэчцы палотны,
Нібыта буслы ў сіняве,
Праз душы людскія і сэрцы,
Праз вецер, снягі і гады
І нёманскай хваляю б’ецца
У бераг, дзе ў квеце сады…
Жывым будзе слова жывое,
Яно, як нябёсы, вада,
Люструе святло незямное,
Якое не ўсім тут відаць
У тым, што ў агні не згарае,
Не губіцца ў пыле гадоў,
А верыць усіх прымушае
У тое, што наша любоў,
Як замка высокага вежы,
Як зоры, як сонца, як Храм…
І раптам дарога, як снежань,
І раптам жыццё-напалам,
Нібыта гітара разбіта,
І струны парваны, і кроў,
Як сонца расплаўлены злітак,
Як наша да песні любоў…

4.06.2004

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА УЛАДЗІМІРА МУЛЯВІНА - Віктар Шніп