Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КОНАНА

(23.04.1934-6.06.2011)

Дон Кіхот з навагрудскай зямлі,
Беларускай душы абаронца,
Дзе ты сёння? Зноў прыйдзеш калі
Ты да нас, бо самотна ў старонцы
Нашай роднай? І трэба, каб ты
Сваё слова сказаў і ўсе зналі,
Што наш край не куток нематы,
А краіна, якую стваралі
Нашы продкі для нас…

” Я нікуды ад вас не сыйшоў,
Я на хвілю адну аддаліўся
Ад сівых навагрудскіх муроў…”-
Ты сказаў і, як меч, засвяціўся
Крыж драўляны і вечны твой крыж,
Які лёгкім не быў аніколі,
Пад якім ты маўчаў і маўчыш,
І маўчаў, і маўчыш не аб долі
Нашай любай зямлі, аб сабе,
Адзінокім, як бэз ля дарогі,
Што ламаюць усе і ў журбе
Потым кідаюць часу пад ногі
І маўчаць, і гавораць: “Маўчы…”
А маўчаць немагчыма бясконца.
Аднаму цяжка выйсці з начы,
Дзе над намі адно вечна сонца
І адзін Дон Кіхот сярод нас,
Без якога самотна ў краіне,
Без якога спыняецца час
І ўсё светлае, роднае гіне…

8.06.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КОНАНА - Віктар Шніп