Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІТРАФАНА ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАГА

(14.06.1867-30.09.1934)

Народ, які меў
сваю дзяржаўнасць,
мусіць мець яе
зноў…

М. Доўнар-Запольскі

Крыжамі нашых продкаў нашы землі
Пазначаны і гэта-назаўжды.
У курганах былое наша дрэмле
Так, як у Храмах дух жыве святы.

І іншае зямлі для нас не трэба,
І тут нам жыць, і тут нам паміраць,
І ў мора беларускае-у неба
Глядзець, паліць касцёр і сумаваць
Па тым, што ўжо не вернецца нічога
З таго, што страчана, не збераглі.

І ты ідзеш і прад табой дарога
Да могілак, нібы на край зямлі,
Які пазначаны крыжамі продкаў
І пройдзе час – пазначыцца й тваім.

Цячэ рака, плыве па хвалях лодка
Праз туманы, як праз стагоддзяў дым,
З якога бачыцца краіна-маці
Прыгожая, бы ў Храме абразы.
І ты шчаслівы, бо ты бачыш шчасце
У Беларусі праз агонь слязы…

8.11.2008


Верш БАЛАДА МІТРАФАНА ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАГА - Віктар Шніп