Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я малюю паветра

Я малюю паветра
на акне запацелым.
Я малюю кастрычнік
у вечаровай самоце,
каляровыя плямы
ліхтаровых сузор’яў,
стужкі стомленых вуліц
пад далонямі дахаў.
Я малюю, як горад
апранаецца ў восень,
у кастрычніцкі смутак
і ў пажоўклае лісце…
Засумую таксама,
уздыхнуўшы міжволі,
сапсаваўшы малюнак
на акне запацелым.


Верш Я малюю паветра - Таццяна Светашова