Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ратуйма мову

Ратуйма мову – голас свайго краю –
Каб не знямець аднойчы назаўжды!
Але хутчэй – бо бедная канае
Ад нелюбві, знявагі і нуды!

Гаворка ў коме, спевы ў занядбанні,
Пісьмо гібее, творчасць у тузе.
Пявучы гоман – без выкарыстання –
Зрабіўся дзівам – просіцца ў музей.

Мы так жыццё змянялі паступова,
Што самабытнасць страцілі сваю:
Цяпер, чужой валодаючы мовай,
Ёй аддаем і будучыню ўсю.

Сваю ж пад ногі кінулі, бы смецце.
Нашто яна – “вясковая”, “адстой”?
Аж да таго дайшло, што нашы дзеці
Не знаюць мовы матчынай сваёй.

Яшчэ крыху – і знікне канчаткова,
І стане мёртвай – мовай забыцця.
Мо сапраўды – нашто нам наша мова?
Даволі слоў чужынскай для жыцця!

Сваю звядзём (па глупству?… па прымусу?) –
Другія ёсць. Не горш. Такой бяды!

Але як знікне слова “беларусы”,
Як будзем звацца ў свеце мы тады?

4.09.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ратуйма мову - Таццяна Дзям'янава