Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адчуваючы змены ў прыродзе

Адчуваючы змены ў прыродзе,
У паветры, у люстрах вады,
Птушкі ўвосень ірвуцца на поўдзень –
У цяпло – перажыць халады.

Ці інстынкты іх клічуць да ўзлёту
І збіраюць у вырай, у клін,
Ці з’яўленне асенняй самоты
Ў даляглядах радзімых мясцін,

Але некалі раніцай золкай
Пракладаюць у неба шляхі
Незлічоныя ластаўкі, сойкі,
Пліскі, жаўранкі, гусі, шпакі.

А пасля ў хваляванні вялікім,
Аглядаючы зверху палі,
Пад свае развітальныя крыкі
Над зямлёю плывуць жураўлі.

Углядаюся пільна, праз слёзы, –
І сыходзіць самотай душа.
А навокал трымцяць вербалозы
І злятае каштанаў іржа.

Я за клінам зрываюся знічкай –
Ды лячу ў халадэчу расы.
А мяне ўверх настойліва кліча
Шэпт узлётнай – маёй – паласы.

Разбяжацца б, узняцца на крылах –
І за выраем – за небаскрай –
Над радзімаю, сэрцайку мілай,
У чужы, ды прываблівы край.

Там, напэўна, жыццё – як у раі.
Паляцець? Але як? І калі?
Не магу. Бо на месцы трымае
Прыцягненне
Любімай
Зямлі…

4.09.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адчуваючы змены ў прыродзе - Таццяна Дзям'янава