Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пасланьне да маладога вэртэра

Ты ня ведаеш чаго чакаць ад лёсу:
з працы выкінуць за п’янку ці дэбош,
станеш гопнікам, падсядзеш на “калёсы”,
прадасі апошні макінтош,
малады няўрымсьлівы гаўрош.

Ты дагэтуль не пабачыў пірамідаў,
не ўзышоў на беласьнежны эвэрэст,
край атлянтаў і зямля карыятыдаў
не патрапяць у тваю дзясятку “best”.

Ты памрэш, малы, далёка не ў парыжы, –
бо, на шчасьце, не прарок і не герой, –
а ў звычайным сьветлагорску ці нясьвіжы,
праклінаючы жыцьцёвы гемарой.

Бо ня быў нідзе, ня ёсьць, ды і ня будзеш,
пажыцьцёвы пэтэвэшнік-абармот.
Тупа зь лярвамі здароўе каламуціш.
Раскаваны пачатковец-ідыёт,

Спадзяесься на шчасьлівыя расклады:
купіш колы і з бутэлькі выйдзе джын,
санта кляўс мільён падорыць на каляды,
прэзік лопне й прэзыдэнтам стане сын.

Ты жывеш у атачэньні імпатэнтаў,
бізнэс-лэдзі, мікі маўсаў, чаўнакоў,
далакопаў, копаў, хачыкаў, студэнтаў,
супэрмэнаў і астатніх чувакоў.

Ты зь дзяцінства марыў лётаць на камбайне,
стаць ды-джэем, і сэнсэем заадно;
нават зараз, завісаючы ў он-лайне,
летуценіш пра чырвонае “рэно”,

Пра бамонды і рашучасьць джэймса бонда,
пра жанчыну, што кахацьме да труны:
не за бабкі, а за так, нібы джаконда.
Пра жыцьцё безь підарасаў і вайны.

Ты за сонца, што загляне у ваконца,
за галодных, што заглядваюць у рот,
за каросту, трыпэр, сіфіліс у штонцах.
За прыгожы горад-сад-і-агарод.

За гарэлку й цыгарэты без нацэнкі,
фізкультуру і здаровы лад жыцьця,
каб заўжды была на піве пенка,
каб мінала міма роспачы ладзьдзя.

За саюз братэрскі Бусьліка зь Цімошкам,
за суцэльны карнавал і галівуд,
каб каты таўсьцелі і ня мёрлі мышкі
і заўсёды раскрываўся парашут.

Каб – купацца ў малацэ і шакалядзе,
каб раслі каноплі – я іх так люблю!
Каб зьявіўся невядомы камікадзэ
і зрабіў краіне мёртвую пятлю.

Мой адзіны, мой любімы і харошы,
хай тваім учынкам будзе умалот!
Хай гульня прыемнай будзе і прыгожай
і натхненьне выдае адно джэк-пот.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Пасланьне да маладога вэртэра - Сяргей Прылуцкі