Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спадарыня

Спадарыня, дазвольце пачакаць,
Пакуль на небе ўзыдуць зоркі ў ночы,
Дазвольце папрасіць і Вашы вочы
Да ціхай згоды сцежку пашукаць.

Спадарыня, мне сумна аднаму,
Спадарыня, мне аднаму сцюдзёна.
Пра Вас адну я думаю штодзённа,
Марнею і не ведаю чаму.

Без Вас нямее жарсць мая цяпер,
Як літары на стомленым граніце,
Мяне з увагі Вашай не ганіце,
За дзверы не прасіце мой давер.

Спадарыня, дазвольце не маўчаць,
Спадарыня, дазвольце запытацца,
Ці можна ў Вас да раніцы застацца,
Каб разам дзень наступны прывітаць?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Спадарыня - Рыгор Барадулін