Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не бура нам стрэхі сарвала

Не бура нам стрэхі сарвала,
Не ветры павыбілі шыбы, –
Чужая, ліхая навала
Разбурыла нашы сялібы.

Шмат катаў насунула з ёю,
Дзе д’яблаў такіх нараджалі?
Ля вогнішчаў смерці людское
Як блазны яны рагаталі.

Якія ваўчыныя спевы
Спявалі ім лютыя маці?
Тут кожнай былінкай і дрэвам
Зямля ім узнесла пракляцце.

Нам выпала праца цяжкая,
Не зналі мы гэткай віхуры,
Ды зноўку мы сцены ўздымаем,
Заклаўшы надзейны падмурак.

Мы сёння свабодныя людзі,
Над намі блакітнае неба,
Але мы таго не забудзем,
Што пільнасць – ёсць наша патрэба.

Што час наш на свеце суровы, –
Ён кінуў прад намі руіны,
I, ставячы сёння будовы,
За кожнай мы сочым хмурынай.

Прасочым, дзе зброя узнята,
Бо ў сэрцы глыбока запала,
Што з нашай сядзібы і хаты
Не бура нам стрэхі сарвала…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Не бура нам стрэхі сарвала - Пятрусь Броўка