Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зорных шаляў, віхор, не вагай

Зорных шаляў, віхор, не вагай,
час і ім са спакоем звыкацца.
Знерухомеў бярозавы гай,
ашчаджаючы рэха вакацый.
Над спарудамі вечных крыніц,
бы ў святым прычашчальным маленні,
і ядлоўцы схіляюцца ніц,
і алені ўстаюць на калені.

На парэпаных лапах ялін
выпаўз ельнік на мокрае ўзлессе
і да свежых туліў каляін
мяккі сум жураўлінае песні.

Нехта ціха па сцежцы ступаў.
Ці не ўчора і мы там хадзілі?..
Пад нагамі гарэў лістапад,
апякаючы грудзі
радзіме…


Верш Зорных шаляў, віхор, не вагай - Міхась Скобла