Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш “Замуціла” восень баль на здзіўленне свету

“Замуціла” восень баль на здзіўленне свету.
Загадала не у паркаль быць на ім адзетым,
а ў пурпурную парчу, у багрэц і злата,
каб кружылася ўваччу колераў багата.

Абвясціла ўсёй зямлі – паркам і дубровам –
каб убраныя былі ў модныя абновы,
каб старызныя лісты шатаў вокамгненна
прыхавалі ў залатых шалях “ад Кардэну”.

І сама рашыла свой выгляд “замаднячыць”
у дызайнерскі “прыкід”- плацце “ад Версачы”.
Ды не ў блёклую пастэль і не ў замшу Гуччы-
у густую акварэль – авангард яркучы.

І, як быццам не на баль, а на пір убораў,
упрыгожыла дубы ў скуру “ад Діору”,
разнамасціла тэкстыль клёнаў, а каштанам
“навязала” ўладна стыль ад Ів Сэн-Ларану.

А пасля, сцягнуўшы ніць сонца на бярозку,
захацела аднавіць ейную прычоску
і сама, рукой сваёй, незвычайна лоўка
“прамятала” коскі ёй першай меліроўкай.

Потым далі абышла, абляцела блізі.
Лісце ветрыкам змяла с кронаў дрэў – да рыззя.
Насваволіўшы вакол, рэшту ўзварушыла
і, услаўшы ёю дол, дожджыкам “прашыла”.

4.09.2014

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (6 votes, average: 4,83 out of 5)

Верш “Замуціла” восень баль на здзіўленне свету - Lazzaro