Верш Анёл Януш
АНЁЛ ЯНУШ
(паэма)
1
Не адыходзiць мiнуўшчына талай вадою.
Так i мы ўсе, нiбы дым ад кастра, не знiкаем.
А цi не выпiць нам, век дваццаць першы, з табою?
Вып’ем. Лехаiм!
Вось вэнджанiна i некалькi скiбак батона.
Недзе ў кiшэнi дзiравай згубiлася пляшка…
Ты ж паглядай на прастору скрозь шыбы вагона.
Гэта Падляшша.
Ведаю, зараз у модзе адны непiтухi,
Але ж не грэх накацiць сярод гэтых абшараў.
Бачыш, сiвы i гаротны ад нейкае скрухi
Коцiцца Нараў.
Гэты нектар гатавалi з разбухлых разынак
I фiльтравалi аж тройчы праз белы супесак.
Пiлi яго па глыточку з лiмонных скарынак
Толькi на песах.
Ну, па адной! Як пайшло? Безумоўна, дзiвосна?
Роўна ўнутры нехта мяккi сплятае карункi.
Мабыць, для гэтых карунак пракладзены кросны –
Рэйкi чыгункi.
Хутка – другую, а то неўзабаве выходзiм,
Бо цягнiкi не мiлуюць такога прыпынку:
Некалi тут узрываўся маланкамi Одзiн.
Гэта – Трэблiнка.
Еш вэнджанiну – яе яшчэ доўга не ўбачым.
Тут не абжорны буфет у берлiнскiм рэйхстаге,
Дзе пацяшаецца страўнiк ласункам гарачым:
Гэта канцлагер.
Чым вы цiкавiцеся, шамацелыя вербы,
Быццам спытацца жадаеце цiха: “Quo vadis”?
Вашых галiн вадападам навiслыя верв’я
Слухаюць кадзiш.
Зараз – па трэцяй накацiм з табою, i – досыць!
Чарку чацвёртую вып’ем, магчыма, у Бога:
Мы апынулiся ў гэтых мясцiнах пад восень
Сорак другога.
2
Вакзал ахутаўся iмгой,
I да перона борзда,
Нiбыта растаўсцелы гой,
Падплыў пузаты “Борзiг”,
Спужаўшы летуценных фраў
Сваёй жалезнай вагай,
I ў эшалоне падпiраў
Фольксвагена фольксваген.
Такую назву нездарма
Прыдумалi вагонам,
Бо для народаў, як турма,
Былi яны прыгонна.
Няўжо калiсьцi мог зазнаць
Апаплексiчны Борзiг,
Што па-над светам панаваць
Пачне крывавы позiрк,
Нiбы свабодны чалавек
У непасiльнай працы,
А смерць ягоная спрадвек –
Вялiкае багацце.
Пякельны вiхар скавытаў,
I з топкi паравоза
Ахапак iскраў вылятаў,
Што галачкi мiмозы.
Мiмоза бразгала з катла
Да еўрапейскiх сенцаў,
Каб папалiць яе датла,
Бы Вольга карасценцаў.
Гарэла Францыя Заля,
Пiкара i Дрэйфуса,
I Люксембург гарэў дзеля
Вычварнае спакусы.
Гарэў Белград, Херсон дымiў,
Агонь паўсюль гарэзiў,
I жар Смаленшчыну круцiў
У вогненай iмпрэзе.
Гарэла лiсце чэшскiх дрэў,
Гарэлi ноты Грыга,
I Вiльнюс полымем гарэў,
I скварылася Рыга.
На датскiх плёсах кожны мiг
Русалачка палала,
I прыскам рассыпаўся Мiнск,
Што храмавая хала.
У тры жалезныя рады
Навокала перона
Глядзела варта, як жыды
Валочацца з вагона.
Пчалiнай чырванню шугаў
Агонь на цыгарэце:
– Выходзьма, ведзьмаўскi кагал!
– Iмпэтней, бляжжы дзецi!
На перавораны асфальт
Пад бот канвойнай роты
Народжвалiся ў крыку: “Хальт!”
Габрэйскiя сiроты.
Сцякала пенная слiна
З сабачых пыс варожых
На ланцуговага звяна
Масенжавы аброжак.
Варонiн грай рыпуча йграў
У клёнаў шавялюры,
За эшалонам назiраў
Гер оберштурмбанфюрэр.
Цягнiк суставамi скварчэў,
Што лой на блясе скворча,
Як раптам дзiўнасцю з вачэй
Пляснула: – Пане Корчак?
I вас сюды забралi нат
На весялосць вар’ятам?
– Забралi мой пансiянат,
А я – з пансiянатам.
– Ды не паверу, каб i вы
Арыштаваны ў гета.
Такой пiсьменнай галавы
Не ведае паўсвета.
Я ў асабiсты кабiнет
Вас шчыра запрашаю
На паўнавартасны абед,
Вiно i шклянку чаю.
Нядбаць такога госця грэх,
А вашых жыдзянятаў…
Пардон! Пакормiць Трэцi Рэйх
Сiрот з пансiянату.
3
– Не саромейцеся, як у родную хату заходзьце.
Вось утульнае крэсла – сядайце! Я гэткага цуду
Не чакаў анiяк. Мо цыгарку з такое нагодзе?..
– Не буду.
– Я i сам не палю, бо тытунь адваротны, як дзягiль.
Зараз кавы пап’ем. Ах, якая дзiвосная кава!
Мне надалi яе ў каралеўскiм палацы Гаагi.
– Цiкава.
– Ажно дваццаць гадоў я ўсе вашыя лекцыi помню.
Як чыталi вы нам педагогiку ясна i кемна!
У мяне збераглося канспектаў на цэлы трохтомнiк.
– Прыемна.
– Ну, частуйцеся супам. Тут вельмi прываблiвы кухар.
Ён калiсьцi рабiў у маёнтку баронаў дэ Ротшыльд.
Трэба есцi, каб вас у труну не звяла галадуха.
– Навошта?
– Бо Германiя мае на вас асаблiвыя планы.
Ах, як пахнуць спагеццi. Вы любiце, Корчак, спагеццi?
Выбачаюць яны ўсё жыццё Мусалiнi-балвана.
– А дзецi?
– А прычым жа тут дзецi? Аб iх паклапоцiцца фюрэр.
Мы ў Германii, мусiць, таксама не прагныя зверы.
Iх паставяць на ўлiк у канцлагернай камендатуры.
– Не веру!
– Афiцэру СС? Добры жарт! Гэта вэнджаны палтус.
Я сем скрылiкаў з’еў, дык трымайце пакiнуты восьмы!
Завяршыцца вайна ў Сталiнградзе, калi яго Паўлюс…
– Не возьме.
– Вось якая размова пайшла? Але ж гэта дэталi,
Бессэнсоўна нам з вамi бадзяцца кругом i навокал:
Я для вас прапаную пасаду ў ваенным шпiталi.
– Высока!..
– Мы заменiм вам пашпарт i выдадзiм новыя рэчы,
Будзе сытны паёк, i вучыцца адправяцца дзецi…
Памiж iншым, цi ёсць у вас дзецi i колькi, дарэчы?
– Аж дзвесцi.
– Зноў прываблiвы гумар. Ён мне i напраўду любiмы.
Можа, знойдуцца ў плойме такой блiзнюкi i двайняты?
З iмi шчыльна працуе мой добры сябрук з Асвянцыма.
– Вар’яты!
– Ды паслухайце, Корчак, не тая цяпер атмасфера,
Вы ўжо двойчы Германii спрытна рабiлi падножкi:
На Сусветнай вайне вы расiйскiм былi афiцэрам.
– Быў трошкi.
– У Варшаўскай турме вас наведаў з аўсвайсам падпольшчык,
Каб маглi вы бяжаць стрымгалоў у свае краявiды,
I яго вы не здалi дзеля ганарлiвае Польшчы.
– Не выдаў.
– А чацвёртага раза не будзе! Падумайце вельмi:
Я i так не павiнен удыгаць навокал семiта.
Па-ранейшаму “не”? Ах, якi вы бязмозгi пустэльнiк!
– Адкрыта.
– Ну, iдзiце i ведайце: я вас, прафесар, не скрыўджу.
Вы не будзеце спалены разам з жыдоўскiм натоўпам –
Вы заснеце ад газу, салодка, як нiбы ў Парыжы.
– Пайшоў ты!..
4
– Якая ноч! Якая цiшыня!
У гэтай цiшы не пачуць нi сваркi,
Ды нават брэх нямецкае аўчаркi
Нявiнны, што дзiцячая хлусня,
I толькi бег секунднай стрэлкi шпаркi
Нас блiзiць да размаху кiсцяня.
Пацепваецца цень, бы кацяня,
А зоркi свецяць з неба, як агаркi.
Кажы, Гасподзь, якая ў гэтым соль,
Што трэ з жыцця табе зрабiць руiны?
Няўжо калiсь ад выпладка рабiна
Ў далёкiм Лiнцы пацярпеў Адольф?
Чаму маўчыш? Цi мяккая пярына
Ў табе дашчэнту задушыла боль?
Ты, мабыць, спiш на троне, як кароль?
Тады твой трон не болей, чым адрына.
Ты растлумач даходлiва, як след,
Чаму памрэ навек Натан Баланчык?
Гасподзь, ты бачыў, як ён дзiўна танчыў,
Як прагавiта марыў пра балет,
Такi скакучы, нiбыта тушканчык,
Пад патэфон i цокат кастаньет?
Ты спiш, Гасподзь, натрудзiўшы хрыбет.
Ты спiш, Гасподзь. Не плач, не плач, Натанчык.
Цi, мабыць, ты змаркоцiўся ў нудзе
Ад выстралаў i вiскату бамбёжак,
Што пажадаў прыцягнуць за аброжак
Акiбу-матэматыка? Нiдзе
Ты нават два i два ў слупок не зложыш
I не падлiчыш пасмы ў барадзе.
Ты хто: Iуда альбо iудзей?
Ты спiш, Гасподзь. Цi не абрыдаў ложак?
Храпi, храпi, не прасынайся, Бог!
З iм разам спiце, Варух i Iсая,
Няхай зямля натужлiва страсае
Iмёны вашыя з апухлых ног
I пустаслоўе бруднае крамсае!
Пабегла вера з цемры сiнагог,
Ты сам яе на могiлкi звалок!
Ты спiш, Гасподзь, i клоп цябе кусае.
5
– Я вас iзноў вiтаю, пан Гольдшмiдт!
За ноч вы не змянiлi вырашэнне?
Бо выглядаеце, нiбы карчмiт
З бародкай растрапанай, як iмшэнiк.
Навошта вам ушчэнт губiць сябе
I непаўторную iстотнасць нiшчыць,
Калi нiхто ў падобнай барацьбе
Яшчэ не ўсплыў, штурхнуўшыся ад днiшча?
Я ж вашу бiяграфiю ўсю ноч
Лапацiў, бы нявольнiк на галеры.
Што вас з габрэйствам звязвае, апроч
Памерлых продкаў бесталковай веры?
Ужо ваш дзед, бацькi i сваякi
Забылi аб Талмудзе i мiньяне,
I цешылiся ўсе каталiкi,
Як вы свiнiну смажыце ў смятане.
Адрыне Рэйх запэцканную кроў
Выдатнага спеца псiхiятрыi,
Найлепшага з цяперашнiх майстроў,
Што i па духу – прызнаны арыец.
Чаго ж вы з дужым норавам, якi
Зрабiў бы гонар нават артадоксу,
Iмкнецеся да д’ябальскай ракi?
Нi даць, нi ўзяць, бы чэмпiён па боксу!
– Як добра, што вы ўспомнiлi пра бокс.
Я зараз паспрабую растлумачыць,
Чаму нiколi не ўхiлюся ў бок
Ад выхаванцаў, i нiяк iначай.
Мо вам вядомы, пане афiцэр,
Баксёр з такой мянушкаю: “Рукелi”?
Калi на рынгу ён даваў канцэрт,
То дамы ад пажаднасцi шалелi.
Ягоны кожны бой падобны быў
На па-дэ-дэ з класiчнага балета
Так, што бамонд аб вытрымцы забыў,
I галадранцы лезлi без бiлета.
– Рукелi Трольман? Добры чэмпiён!
Я сам ягоны лютасны заўзятар.
О, колькi грошай папрыносiў ён
Усiм, хто ставiў у таталiзатар!
З працiўнiкаў наклеiў адбiўных
У матыльковым лётаннi Рукелi.
Багата шнапсу выпiў я ў пiўных,
Багата з’еў наперчаных сардэлек!
Але, на жаль, як высветлiлася,
Была ў Рукелi брыдкая загана.
Падумаць толькi: гэты парася
Хаваў сваё паходжанне цыгана!
Аднак, у чым жа повязi сакрэт
Цыганства ды сусветнага габрэйства?
Бо з вас хаця б аднойчы выйшаў Фрэйд,
А з цыганоў – злачыннасць ды лакейства.
– Мне давялося тры гады таму
Амаль употай з’ездзiць да Берлiну.
Калi, куды, навошта i чаму,
Я без аргументацыi пакiну.
I я пайшоў гуляць у заапарк –
У гэты свет палону i няволi.
Кажыце, оберштурмбанфюрэр Штарк,
Вы ж гэтаксама любiце жывёлiн?
На скрыжаваннi лiпавых алей,
Дзе пахла мёдам i квiтнелi кветкi,
Дзе лужынкi блiшчэлi, як алей,
Стаялi дзве зачыненыя клеткi.
У першай з iх пад забiяцкi гвалт
Сядзеў стары самец арангутана,
Другую клетку нехта дараваў
Для Трольмана – смярдзючага цыгана.
Казалi мне, то быў эксперымент,
Якi праводзiў нейкi фiзiёлаг,
I ў вусны з вуснаў шастанне гавэнд
Пералятала, як зарнiчны сполах.
Арангутана мучылi штодзень,
Iголкамi i дзiдамi калолi.
Вас, пан вучоны, джалiў авадзень?
Вы калi-небудзь вiшчылi ад болю?
Вас клеймавалi вогненным таўром,
Як гэтага самца арангутана,
Альбо да шалу козытным пяром
Стамлялi загнiваючыя раны?
Захоплена iржаў берлiнскi свет,
Заходзiлiся ў жартах пустамелi
I пагашалi зоркi цыгарэт
Аб цела спакладанага Рукелi.
I вось, калi раз’юшыўся самец
Ды быў гатовы кожнага раздзерцi,
То доследу наблiзiўся канец,
I Трольмана ўпiхнулi ў лапы смерцi.
Гамонiла звяр’ё, што стадыён,
Iшло ў заклад грашовы апантана,
Як доўга здолiць бiцца чэмпiён
У клетцы супрацiў арангутана.
Але затухла брыдкае пары,
Бо два байцы абнялiся гаротна
I гаiлi калецтвы, як сябры,
Адзiн другому слёзамi спякотна.
А той хвiлiне ўсiх на свеце менш
Былi яны, узяўшыся за плечы.
I малпа гэтая, i унтэрменш
Здавалiся куды як чалавечней.
Чаму ж тады вас не схапiў iнфаркт,
Каб здохлi вы ўсiм полчышчам сабачым!
Не бачылi мяне, мой вучань Штарк?
А я вас бачыў. Я вас добра бачыў.
– Маўчы! Суцiхнi, шалудзiвы жыд!
Канвой, вядзiце шчанюкоў да газу!
Я доўга пераносiў, Гiрш Гольдшмiт,
Тваю недапушчальную абразу.
– Вы зноў не зразумелi нi на гран
Маю катэгарычную аповесць:
Там, дзе цыгану кепска, я – цыган,
Дзе моташна лiтоўцу, я – лiтовец.
Дзе мучацца габрэi, я – габрэй,
I беларус, дзе ганьбяць беларуса,
I чым страшней iндусу, тым вастрэй
Я адчуваю роднасць да iндуса.
Я – асiрыец, магiкан i гал,
Хоць таракан на радасць цемрашалам,
I толькi там, дзе правiць канiбал,
Нiколi я не буду канiбалам!
6
– Увага, сябры! Я ледзь-ледзь патрабую увагi!
Становiмся ў шыхт па чатыры адзiн за адным.
Адкуль, Самуiл, ты пачуў тое слова: “газваген”?
Не ведаю я, што яно азначае, Рувiм.
Вазьмiцеся моцна за рукi: дзяўчынка i хлопчык.
Давiд, ты iзноў у Вiрсавii банцiк садраў?
Не лезем на клумбу – мы гэтак вяргiнi патопчам!
Акiба, кiдай на пяску маляваць iнтэграл!
Я вам прапаную гульню ў гераiчных пiратаў:
Мы зараз спакойна iдзем да свайго карабля…
Як “дзе карабель”? Ты насупраць не бачыш фрэгата?
Вунь мачта трубой курадымiцца. Лева руля!
Садзiмся спакойна на лавы ў затопленым труме,
I люкi задраеныя не палохаюць нас.
Я ўсiм дазваляю паспаць. Што ты плачаш, Науме?
Не плакаць, пiраты – такi капiтанаў наказ!
А каб нам было весялей, мы паслухаем казку.
Я толькi щто ўспомнiў цудоўны пацешны расказ.
Пра што той расказ? Так i быць, раскажу, калi ласка.
Не хныкаць, пiраты, а то забарэ дзiкабраз!
7
– У далёкiх краявiдах,
Дзе на рыбах пеламiдах
Забаўляюцца стаўрыды,
Раз’язджаючы вярхом,
Дзе ўзрастаюць пiрамiды,
Як сумёты Антарктыды,
З неба падаюць балiды,
Прыцярушаныя мхом,
Ёсць у моры дзiўны востраў,
На якiм жывецца проста,
Там гуляюць лiрахвосты,
I гняздзiцца альбатрос.
Нават прагныя норд-осты,
Што зiмой вiхураць хвостка,
На яго не маюць доступ.
Гэта востраў Абрыкос!
На раздольным Абрыкосе
Жыў вясёлы браняносец.
Слова “жыў” бяру ў двукоссе,
Бо не жыў, а танчыў ён.
Разам з iм скакалi лосi,
I матлялася калоссе,
Калi ён на сенакосе
Карагодзiў катыльён.
… Цiха, смелыя карсары,
Бо ледзь-ледзь прыснула Сара.
Танцавала капiбара
Румбу пад птушыны спеў.
Барсукi i ягуары
Разбiвалiся на пары…
Не абудзьце Элiзара,
I Натанчык засапеў.
Што маўчыце? Мо благая
Цi дурная казка тая?
Нешта дыханне сцiхае:
Анi смеху, анi слёз!
Спiць Якуб, упала Хая,
Абаранкам дрэмле Хаiм.
Вы стамiлiся… Лехаiм,
Смачны востраў Абрыкос!
Ну, ляжыце, i хай снiцца
Вам празрыстая крынiца,
Над якой пяе сiнiца,
Выклiкаючы вясну.
Боль прайшоў, як навальнiца,
Як самотная зарнiца.
Наблiжаецца iмглiца –
Я таксама адпачну…
8
Не адыходзiць мiнуўшчына ў нетры прадоння.
Так i мы ўсе, нiбы дым ад кастра, не знiкаем.
Што ты стаiш, рэчаiснасць, пры Армагедоне,
Нiбыта Каiн?
Што ты маўчыш безнадзейна ля сумных касцёлаў,
Ля сiнагог апусцелых, каплiц занядбаных,
Роўна ўчапiўся ў парожняе вымя падцёлак?
Гэта заганна.
Што твае шчокi залiлiся чырванню сцiплай?
Як нi саромейся, болей сумленню не здрадзiш.
Па-над зямлёй сапсаванай гаротна i хрыпла
Кацiцца кадзiш.
“Шма Iсраэль!” узлятае на велiчных крылах –
Простыя пацеры не пераносяць метафар!
Анi пагорка на мёртвай зямлi, нi магiлы,
А кенатафы.
Кадзiш узносiцца ў хмары самотным аленем,
Нiбы пячная труба курадымiць анёлам,
I па каменям гартанныя словы-каменнi
Грукаюць колам.
Мо ты жадаеш употай вярнуцца ў пачатак
Даўнiх гадоў, быццам нехта цябе закахае?
Комiн тапырыцца, як кукурузны пачатак.
Змоўкнем. Лехаiм!