Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Эпіграмы

Э П І Г Р А М Ы

Ты – сумеў. Пазбавіўся галечы.
Дом абставіў да апошняй рэчы.
Ды, хоць колькі ні бяры на плечы,-
Быць у галаве тваёй пустэчы.

***
Гожа пяяце, салоўкі.
Збудзім праўду, зможам зло…
Пудрыце мазгі вы лоўка, –
Толькі гэта ўжо было.

Мэта вашых будняў-схватак,
Верхаводы ПКБ –
Перакінуць люд у статак
З аднастайным зыкам: бэ-э-э!
1993 г.

НЯВЕСТА

Жыццё стане мукаю, тлом, апраметнай
Таму, хто не дбае пра будучы час.

Яна яшчэ лічыцца толькі нявестай,
А ўжо сабе робіць каханкаў запас.

АРТЫСТУ

Некалькі слоў ты не можаш звязаць на сваёй роднай мове.
Мабыць, нялёгка табе званне “народны” насіць.
***
Клянуся, гэтакіх карцін
Даўно не мелася ў натуры:
Зямля дрыжала, з аблачын
Маланкі білі, выла бура…

Шумі. А я лепш адыду.
Такіх, як ты, скандалы цешаць.
Цябе, шаноўная, адну
І сто сабак не перабрэшуць.

ПЕРАКЛАДЧЫК-УНІВЕРСАЛ

Ён да чытацкай масы беларускае
Наблізіць плён любой інакшай мовы –
З адной-адзінай сціплейшай ўмовай:
Што плён той пераклалі ўжо на рускую.

***

Медуза! Ты, канешне, баба.
І сніш, каб нейкі ягамосць
Тваім ўдзячным стаўся рабам…
Аднак, прабач, сумненні ёсць.

Пагляд вачэй тваіх нямілы.
І куафюра нейк тырчком.
Казала ты – шмат страціш, мілы…
Бяда!.. Ды што ж… Перажывём.

***

Прыемны людзям, як скаціне авадзень,
Спяшаецца ён раз на год, у вялікдзень,
Да бацюхны, каб крыж яго пацалаваць
І цераз тое чыстым і бязгрэшным стаць.
…………………………………………………………………
Ён стане гэтакім – у выпадку адным:
Калі ўсталююць крыж над ім.

ЗАПІС НА ПАЛЯХ
САТЫРЫЧНА-ГУМАРЫСТЫЧНАГА ЧАСОПІСА “ВОЖЫК”

Што вожык – тонкі гастраном,
Даўно прыкмечана звяр’ём.
Ён дужа ласы на грыбы,
Карэнне, ягады, плады,
Ахвочы вельмі да смаўжоў,
Не прамінае жаб, жукоў,
Пільнуе яшчарак, мышэй
І пазбягае змей.
1993 г.

***

УДАКЛАДНЕННЕ

( расійскія вялікадзяржаўнікі свярджаюць, што Беларусь
стала Беларуссю адно з дапамогай расійскіх спецыялістаў )

Запамятаваў, бачна, Ваня,
Што сам калісьці быў дзіцём
І што чужым апекаваннем
Пастаўлены на ногі ён.
Вучылі гуртам выхаванца!
Так, немцы – у вайну гуляць,
Трымаць аловак – італьянцы,
Французы – носік выціраць.
1993 г.

***

Раньш чалавеку чалавек
Гразіў драўлянаю дубінай.
Цяпер стаіць інакшы век,
Інакшая відаць карціна:
Дубінай з ядзернай хрыбцінай
На ворагаў наводзяць стрэс.
О, не суняць цябе, прагрэс!

ПАГОНЯ

Пад бел-чырвона-белым сцягам
Імчыцца на кані Пазняк.
Мячом ён падвяргае плягам
Жудою сцятых камуняк.
1994 г.

ЗАЛЁТНІКУ

Каторая з зямных падзей
Прычынаю, што ты раптоўна
Унурыўся, нібы сугней,-
Такі жывы раньш, красамоўны,
Чые ў любошчах дні ішлі
Ад поспеху да перамогі?
……………………………………………
Цябе згінае да зямлі
Сюрпрыз уласнай жонкі – рогі.

СТАРОМУ ЗАЛЁТНІКУ

Не мае час звароту.
Не затрымаць уцех.
Усе твае залёты –
Кабетам толькі смех.
Адышка, цяжкі поступ,
Маршчыны, сівізна,-
Струхлелы мех не посуд
Для хмельнага віна

***

Што за трэск?!.. Ад роднай хаты
Пруць сцяной у дэпутаты
Грышы, Віктары, Ігнаты,
А між імі хтось калматы…
Э, ды гэта чорт пракляты!

ЭПІТАФІІ

Тут мудрагель спіць, недарэка,
Дзівак, паўтор Кіхота-драба:
Шукаў жанчыну, чалавека,
А – сведкам бог – знаходзіў бабу.

***

Ave, сонца маладое! Небасхіл, ірдзей!
Ён любіў усё жывое, акрамя людзей.

***

Не залазь у рызу, нібы поп,
І не кліч апосталам другога:
Добра бачу, як з твайго святога
Вытыркае вушы мізантроп.

ДА ХАРАКТАРЫСТЫКІ ІДЭЙНАГА МОМАНТУ

Разлад паўсюль, хаос, разбежнасць.
Кагортамі пастаў народ
На партыі: за пітнасць-ежнасць,
Аматараў цвяліць прамежнасць,
Усякіх праў, свабод бязмежнасць,
Да еўрапейцаў прыналежнасць,
Барацьбітоў за незалежнасць –
Ды змагароў за ейны звод.
1996 г.

***

Стыль кіраўніцтва ў чына – дыктатура.
Такая, што рабіць, яго натура:
На свет калісь з’явіўшыся, адразу
Матулі ён пачаў даваць указы.

ІХ НОРАЎ

Праводзілі неандэртальцы сход.
Аб формах крытыкі ішла размова.
І не адседжваўся народ:
Грымелі над палянаю прамовы,
Луналі аргументы “про” і “контра”,
Парой усё танула ў шуме, згадвалася “маць”,
А некаторыя, каб правату сваю падмацаваць,
З адчайным крыкам “ах ты, контра!”
Ухапвалі нязгодных за грудзіну…
………………………………………………………
Урэшце, сход сумеў пастанавіць:
Найлепшай формай крытыкі лічыць
Ад гэтае пары, навек – дубіну.

ШТОСЬЦІ НЕМАЛАВАЖНАЕ АБ КАМУНІСТЫЧНЫХ ЛІДЭРАХ

Ім уласцівы стойкі верад –
Патрэба кінуць кліч, як то:
“Давай! Ідзём! Хутчэй! Наперад!”
А дзе ён, гэты самы перад –
Не ведае з іх аніхто.

ПЕРАЎВАСАБЛЕННІ

На хлопцу – божая адзнака.
Ён талент. Дзесьці ён – сабака;
У іншым месцы стане жабай;
Парою выглядае бабай;
А часцяком бывае рылам,-
Феномен госпадзь падарыў нам!

***

Святое правіла ДАІ:
Таго, хто за рулём,- даі!

ЭПІТАФІЯ

Я, вядомы Казанова,
І ў труне рад бабе новай.

УПУШЧЭННЕ

– Хоць моц Твая, Гасподзь, навідавоку,
Не маю права ўнікнуць ад папроку.
Чаму Ты, Божа, праявіў нядбальства
І не прымайстраваў людзям хвастоў?
Ах, як бы я цяпер хвастом начальству
Дэманстраваў пашану і любоў!

БАЮН

Яму б прызначыць хоць на год
На ўсе гаворкі забарону,
Бо як адкрые толькі рот –
Ляцяць адтуль вароны.

***

Адзін літаратар, глынуўшы сто грамаў,
Усклікнуў: “Гэй, музы!” Канец эпіграмы.

***

(на тых збавіцеляў, якіх, чым далей ад вайны, усё становіцца болей)

“Мы наступалі…Хтосьці падаў…
Зліваліся ў суцэльны гул
Разрывы мін, выццё снарадаў,
Агню гудзенне, посвіст куль
(О, колькі іх, такіх вось гукаў,
Нашу ў сабе ад той вайны!).
І я з вінтоўкі трапна стукаў…”
………………………………….
О, гэтак. Трапна… У штаны.

***

(чыноўнікі нашы ведаюць беларускую мову; але ў афіцыйных выступленнях ёю не карыстаюцца)

І справа не ў натуры іхняй нізкай.
Тут іншае. Усяк у нас было!..
Чыны – пад бацькам. Пад вялікім ціскам.
Ім не крануцца. Не дыхнуць, не піскнуць.
У бедных проста мову заняло.

П’ЯНІЦУ, ЯКІ НЕШТА ЧЫТАЎ

Кажаш ты, што віно папіваў і Хаям…
Гэта так. Ну і што ж? Мерка розная вам.
Той, хоць колькі ні піў, мудрацом заставаўся.
Ты ж, хоць сто бочак выпі, а будзеш нецям.

*****

“Ні дня без радка!”- горда мовіў паэт…
І ў страшным чаканні заціх белы свет.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Эпіграмы - Фёдар Лашкевіч