Верш Кніжны запой
Кніжны запой –
маё гора,
маё захапленне.
У гэтым салодкім тумане я знік назаўжды.
Знік з галавой
у прасторы
сляпога трызнення,
перамяшаліся людзі і гарады.
Крок першы мой –
дэтэктывы,
нібыта джын-тонік,
раздражнялі мяне, вымушалі мазгі працаваць.
Страціў спакой
у парыве
з сумленнем разборак
кінуў, задумаў больш моцнага пакаштаваць.
Быкаў Васіль
абыякавым
не пакідае –
родны, прыемны на пах і на смак самагон.
Просты на стыль,
але з першых радкоў
з ног збівае
шчырая праўда, мараль, чалавечнасць, закон.
Руская водка
б’е моцна,
каб страціць прытомнасць –
гэта спадар Дастаеўскі апісвае Русь.
Моташна,
горка, самотна,
пакутуе годнасць,
трэба разбавіць, каб у лепшае веру вярнуць.
А вось Талстой,
то каньяк
высакародны,
з года ў год ён становіцца ўсё даражэй.
Перада мной
маяк
святло дорыць лагоднае,
дорыць мне праведны шлях да нябёсаў бліжэй.
Скот Фіцджэральд –
віскі моцны
амерыканскі,
смак кожны раз з асалодай прыемна адчуць.
Дзіўны гарант
мроі млоснай,
мары нязгаснай,
што разбіваецца ўшчэнт, як спрабуеш крануць.
Кніжны запой –
маё гора,
маё захапленне.
У гэтым салодкім тумане я знік назаўжды.
Знік з галавой
у чыстым моры
майго прасвятлення,
сталі на месца сваё людзі і гарады.