Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ДУША

1.Не кранае павеў
Тут пушыстых галінак,
Бо няма тут ні дрэў,
Ні зялёных раслінак.

2.Спакваля поўны змрок
Тут пануе ўсяўладна.
Ды на дзіва мой зрок
Рэчы бачыць дакладна.

3.Гэта царства даўно
Людзям добра вядома:
Нам жадана яно,
Як падточвае стома.

4.Тут жывое ўсё спіць.
Тут не падаюць цені.
Што ж душа не крычыць
У такім сутарэнні?

5.Ах, гарэза, у змрок
Так яна не хацела…
Ды прысуд вынес рок –
Больш не храм маё цела.

6.Вунь ляцяць чарадой,
Быццам срэбныя стужкі,
Па-над чорнай вадой
Белакрылыя птушкі.

7.Чайкі селі на гладзь,
На грудзінках іх – меты.
У авалах зіхцяць
Іх людскія партрэты.

8.Вось і мой. На зямлі
(Як не бліснуць слязою?)
Мы адзіным былі;
Тут – мы разам з душою.

9.- Ой ты, чайка-душа,
Ты ляці ў мае грудзі!
Ёсць на свеце мяжа,
За якой мы – не людзі.

10.Мне яна: – Пачакай,-
Адказала самотна.-
На зямлі, памятай,
Людзі джаляць смяротна.

11.Боль пакутных падзей
Змусіш вытрываць зноўку.
Бо ты любіш людзей,
А яны – тваю кроўку.

12.- Што ж, на Божым судзе
Будзе хтось пакараны…
– Тут, у мёртвай вадзе,
Я загойваю раны…

13.- На зямлі шмат святла!
– Ды няма там прасвету,-
І душа паплыла
Ў забыццёвую Лету.

05.02.09.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ДУША - Алесь Яжэвіч