Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Светлы месяц

Светлы месяц, ясны мой васпане,
ты каханаму вярні каханне!

Што дарыў – няхай і спажывае,
у падмане век свой дажывае.

Дзе б ні быў і з кім ні бавіў часу,
хай заўжды сваю прыгубіць чашу.

А ці хмельна? Раптам – зацвяроза?
Ці гарэлка гэта, а ці слёзы?

Зла няма. Хачу адно – адхлання!
З кім прыйшло – то з ім і йдзі, каханне…

Прабачай, калі ты крыўду мела,
я цябе глядзела, як умела…

Ясны месяц, я не праклінаю:
я каханаму – любоў яго вяртаю.


Верш Светлы месяц - Ала Канапелька