Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Блюз Каралеўскае Кухні

Самая лепшая ў сьвеце кава –
У Каралевы.
Самая лепшая ў сьвеце кава –
Для Каралевы.
Быць прынятым на гэтай
Маленькай кухні –
Найвышэйшы гонар і асалода…
Каралеўская кава
На бэжавай кухні,
Каралеўская кава –
Яна для абраных,
Каралеўская кава
У Каралевы.

Самыя лепшыя ў сьвеце вершы –
У Каралевы.
Самыя лепшыя ў сьвеце вершы –
Для Каралевы.
Прысьвяціць Каралеве санэт ці паэму –
Найвышэйшы гонар і асалода…
Каралеўскія вершы
На бэжавай кухні,
Каралеўскія вершы
Пад лепшую каву –
Гэта ўсё для абраных,
І перш за ўсё
Для Каралевы.

Самыя лепшыя ў сьвеце кветкі –
У Каралевы.
Самыя лепшыя ў сьвеце кветкі –
Для Каралевы.
Падарыць Каралеве барвовую ружу –
Найвышэйшы гонар і асалода…
Каралеўскія ружы
На бэжавай кухні,
Пахі ружаў мяшаюцца
З водарам кавы,
Геніяльныя вершы –
Усё для абраных,
І найпершая з гэтых абраных
Яна, Каралева.

Самы утульны на сьвеце ложак –
У Каралевы.
Самы утульны на сьвеце ложак –
Для Каралевы.
Быць прынятым на гэтым шырокім ложку –
Найвышэйшы гонар і асалода…

Толькі кожны вечар,
Як б’е дванаццаць,
Каралева зьнікае
З маленькай кухні,
А яны, абраныя, застаюцца
Сярод ружаў і вершаў
У поўным складзе.
Дапіваюць сваю
Цудоўную каву,
І ідуць дамоў,
Па сваіх кватэрах,
І ніхто зь іх ня будзе
Ахоўваць сон
Каралевы.

Каралеўская кава –
Найлепшая ў сьвеце,
Каралеўская кухня
У бэжавых фарбах,
Каралеўскія кветкі,
Чароўныя вершы –
Гэта ўсё, чым вам можа аддзячыць
Яна, Каралева.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Блюз Каралеўскае Кухні - Лера Сом