Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Матуліна любоў

Дзіця! Чаго табе няймецца?
Чаму мяне хвалюеш зноў?
Ты зразумей: заўжды ад сэрца
Ідзе матуліна любоў.

І калі, нават, трошкі крыкну,
Дык “дзякуй” скажаш праз гады.
Схавай хутчэй і злосць, і крыўду,
Бяжы да мамы ад бяды.

Мая парада “розгай б’ецца”?
Дык не пакінула ж слядоў!
Запомні, дочачка, ад сэрца
Ідзе матуліна любоў.

Ты годзіш стрэчнаму любому,
Што верашчыць на ўсе лады.
Дачушка, знай, яны – на момант.
І толькі мама – назаўжды.

Яна з табою застанецца,
З ёй не адчуеш халадоў.
Павер, крывіначка, ад сэрца
Ідзе матуліна любоў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Матуліна любоў - Ганна Рэлікоўская