Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыйдзі, мой госць

Прыйдзі, мой госць,
Я падару табе
Усё, што мо твае прывабіць вочы:
Травінку, што дзірван прабіла ўночы,
Расінку, што звініць, нібы званочак,
I цэлы лес я падару табе!

Нарву рамонкаў – ты не адрачыся,
Прымі мой падарунак весялей…
Падам праменьчык – ты не апячыся:
Гарачы ён, як вецер-санцавей!

Цябе сустрэнуць мурагі ласкава,
Атуліць засень векавечвых крон…
Ты не здзіўляйся: тут такое права,
Маёй зямлі, маёй душы закон.

На гэта права, што цябе палоніць,
Калісьці вораг апантаны лез…
Пра што травінка тонкая гамоніць,
Пра што расінка срэбраная звоніць,
Аб чым шуміць мой падарунак-лес?!

Я ведаю: не трэба тлумачэння,
Ты зразумееш песні тыя сам…
Я не жадаю госцю засмучэння, –
Хай лепей усміхнецца каласам,

Хай лепш пабачыць ён мядовы ліпень,
Ля яблынь паначуе ў будане.
Няхай над ім бушуе зорны лівень
I клён з рабінай шэпчуць аб вясне!

Вось колькі я табе наабяцала!
I промняў, і рамонкаў, і вятроў…
Але баюся: можа, гэта – мала
Для самых блізкіх, дарагіх сяброў?..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прыйдзі, мой госць - Еўдакія Лось
 »