Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мне патрэбны арліныя крылы

Мне патрэбны арліныя крылы,
Каб лунаць над маёю Літвою:
Наталіўшы крыніцамі сілы,
Золкам раны скрапіўшы расою,
Узьляцеўшы імгненна ў сусьветы,
І сабраўшы сузор’і ў далоні, –
Непагасным сьвятлом абагрэты,
Іх зьмясьціць у радзімы ўлоньні.
Каб яна спарадзіла фальваркі,
Ўваскрасіла крыжы і капліцы,
Камяністыя замчышчаў каркі
І магутныя сьцены сталіцы.
Мой Наваградак стромкі паўстане,
Пагатоў сьвіст заціхне скавышу.
Затаіцца абшар у тумане,
Увабраўшы адхланьне і цішу.
Заблукае чужак дзесь у полі,
Як бы хлуд, што стаптала дарога,
Застанецца пустым ён, бяз долі –
Бо вяртаецца Край мой да Бога.
Не іскрыце варожыя вочы,
Што радзіму маю спапялілі…
Чорным дымам і покрывам ночы
Скрозь дыханьне шапталі, глумілі:
Не ўваскрэснуць муры анігаткі –
Твайго ўзьлёту тандэтная рата:
Азярышчам схаваны забыткі,
Ўся Літва, бы абдзертая шата.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мне патрэбны арліныя крылы - Яўген Бартніцкі