Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДНЫ МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА

(3.03.1634-30.03.1689)

Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята,
І спалілі мяне, абакралі мой край.
Мог чыноўнікам стаць, нават быць
дыпламатам,
Стаў бязбожнікам. Люд, ты мяне карай,
Што вучыў тваіх дзетак любові
Не да Бога-да роднай нявольнай зямлі.
Ну чаго вашы варты, браточкі, галовы,
Раз душу і зямлю чужакам аддалі!
Я вучыў вас за волю стаяць, вы ж няволі
Цалавалі па-рабску, як жабу, руку.
Не любілі мяне, я ж ніколі, ніколі
Не жадаў вам нядолі на горкім вяку.
Каты вырвалі вусны, язык-ды не мову-
І спалілі мяне-не спалілі мой крык,
Мой праклён мудрацам, што заўсёды гатовы
Нахлусіць, каб з цямноцця не выйшаў мужык.
І мой попел злятае ў далоні Айчыны,
І душа мая ў небе, не ў пекле чарцей.
О мой край, ты пакутнік, т воін адзіны,
Што сябе не шкадуе за грэшных дзяцей.
Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята,
Абдурылі людзей, абакралі мой край.
І сядзяць за сталамі шырокімі каты
І збіраюцца вечна судзіць і караць.
Судзіць і караць, прыкрываючы Богам
Свій няправедны суд, свой звярыны закон.
На касцёр-век за праўду прамая дарога
І сляпога насельніцтва рабскі праклён.
Я згарэў, як згарэлі мільёны нявінных.
Мне застацца жвым, покуль ёсць на зямлі
Змагары-Беларусы і па-над Айчынай,
Нібы продкавы душы, лятуць жураўлі.
Я згарэў, каб вам светла было і жылося,
Каб надзей не цяплілі на міласць Багоў.
Я сказаў сваё слова. Не жыць безгалоса.
Сёння слова за вамі, скажыце яго!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДНЫ МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА - Віктар Шніп