Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мерзлы месяц з-за гор васількамі

Мерзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё…
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.

Тоўпы зор снегавым пералівам
Разматалі ў палях павады.
Быццам коні з намыленай грывай
У пацемках застылі сады.

Хтосьці там, у шырокім прыволлі,
Дзе узмежкі гараць серабром,
Заспяваў пра шырокае поле,
Засвістаў ледзяным салаўём.

Эх, як рвецца душа у прасторы!
Штосьці хочацца вечна кахаць,
і дзіцячае радасці зоры
Ў ледзяных перазвонах збіраць.

Мерзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё…
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.


Верш Мерзлы месяц з-за гор васількамі - Тодар Кляшторны