Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Колькі жа навокал прыгажосці!

Колькі ж ў наваколлі прыгажосці!
Неба нават цешыцца, калі
Восень, заляцеўшая у госці,
Крочыць гаспадыняй па зямлі!

Лоўка, бы мастак які, малюе,
Змешваючы золата і медзь,
І сама клапоціцца-пільнуе,
Каб да маразоў усё паспець:

Каб падбавіць спеласці у косы
Сонейкам аблашчаных бяроз,
І адправіць ветрыкі з нябёсаў
Клеіць павуціначкі на нос.

Каб пад ногі кінуць дар багаты,
Абыйшоўшы сад і агарод…
Што за казка – восеньскае свята!
Што за дзіва – лісця карагод!

А лясы! А водары грыбныя!
А прасторы сцішаных палёў!
І над імі – смута настальгіі
Ў развітальным плачы жураўлёў…

А мо хтось у восень не ўлюблёны?
Самы час у паркі завітаць
І напіцца радасці ад клёнаў,
Што чароўным светам зіхацяць!

Ды калісьці ў зімні дзень халодны
Зноў душу ўспамінамі сагрэць
І прыпомніць, што за асалода –
Лісцем абляцелым шамацець!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Колькі жа навокал прыгажосці! - Таццяна Дзям'янава